Каралеўскі горад Неапаль. Плошча Плебісцыту



Калі без дай патрэбы бадзяцца па цэнтры Неапаля, то абавязкова трапіш на П’яца-дэль-Плебішыта. Ці на «Плошчу імя Рэферэндуму», у перакладзе на беларускую.

Італійцам, дзякуй Богу, хапіла розуму не праводзіць рэферэндумаў па знішчэнні дзяржаўнай сімволікі ці па наданню мясцоваму манарху неабмежаваных паўнамоцтваў. 21 кастрычніка 1860 года Джузэпэ Гарыбальдзі ініцыятываў плебісцыт з куды больш шляхетным пытаннем: далучэнне Каралеўства Абедзьвюх Сіцылій да Каралеўства Сардзінія, што фактычна азначала аб’яднанне паўднёвай і паўночнай Італіі. Дзякуючы гэтаму, з 1861 года на еўрапейскіх мапах з’явілася Каралеўства Італія, а ў Неапалі – плошча ў гонар тае падзеі.

П’яца-дэль-Плебішыта – вялізны забрукаваны квадрат, з касцёлам св. Францыска, які вельмі нагадвае рымскі Пантэон, і шыкоўнымі будынкамі Каралеўскага палаца. Спакой аўгусцейшых манархаў здавён пільнавалі каменныя рыцары. Пра бяспеку сучасных турыстаў дбаюць карабінеры, якія заўсёды дзяжураць непадалёк касцёла.

На П’яца-дэль-Плебішыта дазваляецца амаль усё: граць у футбол, спяваць канцоны, дэманстраваць цыркавыя нумары і нават выпіваць (пры ўмове, што пляшка схаваная ў адмысловы папяровы пакецік). А яшчэ Плошча Плебісцыта – рай для неапалітанскіх крымінальнікаў. Пакуль даверлівая турыстка робіць сэлфі, злодзей на мотаролеры можа запраста сарваць з яе рыдыкюль і знікнуць браме Каралеўскага палаца.

І тут ужо рады не дадуць ані карабінеры, ані каменныя рыцары – тым больш, што ні першыя, ні другія зусім не разумеюць ангельскай…

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя