Карфаген. Гісторыя аднаго расчаравання



У юнацтве я зачытваўся раманам “Саламба” Гюстава Флабера. Гераічная эпоха Пунічных войнаў, антычныя характары, бляск шаломаў і бразгат мячоў… Я па чарзе ўяўляў сябе і правадыром лівійскіх наёмнікаў Мато, і пунійскім ваеначальнікам Гамалькірам, і нават самой Саламба. Па начах мне сніліся велічныя карфагенскія храмы, крывавыя ахвяры Молаху і атакі баявых сланоў.

Натуральна, я ведаў, што той, пунійскі Карфаген быў брутальна спустошаны і разбураны рымлянамі ў 146 годзе да н., і што цяперашнія руіны – менавіта рымскія. Але ж дзякуючы “Саламба”, а таксама перачытаным антычным аўтарам, у мяне склалася ўласнае ўяўленне пра адзін з найвялікшых гарадоў антычнай цывілізацыі.

Маё ўяўленне пра Карфаген было разбуранае ўшчэнт, як толькі туды патрапіў… Якое яшчэ “Саламба”, які Ганібал!

На месцы Бірсы, велічнага ўзгорка, на якім легендарная фінікійская царыца Дыдона і заснавала горад, высіўся касцёл св. Людовіка, збудаваны напрыканцы напрыканцы ХIX стагоддзя; будына, вядома ж, цікавая, але непараўнальная з тым, што я чакаў там пабачыць. Акультураныя старарымскія руіны, кшталту тых, што можна назіраць у Турэччыне ці на Кіпры, асабліва не ўражвалі. Бясконцыя кіёскі з сувенірамі – усімі гэтымі падробнымі “пад антычнасць” кубачкамі, піаламі і магніцікамі на лядоўні, – адно раздражнялі. Хлопчыкі-арабы з глянцаванымі буклетамі чамусь асацыяваліся з радком Багдановіча “снуюць хлапцы, суюшчыя рэкламы”. На самым высокім узгорку Карфагена лунаў неверагодных памераў туніскі сцяг: аказваецца, там знаходзілася рэзыдэнцыя туніскага прэзыдэнта. Але больш за ўсё забіваў элітны раён “Картаж”, збудаваны проста на месцы старажытных гарадскіх кварталаў, прытым раён гэты ўвесь час дабудоўваўся і пашыраўся.

Ад пунійскага Карфагена тут засталося колькі ўломкаў базальтавых калон, невялічкі квартал эпохі Ганібала Баркі, ды яшчэ дзіцячыя саркафагі; пунійцы сапраўды прыносілі сваіх дзетак у ахвяру богу Ваалу. З роспачы я прыбіўся да нейкай польскай экскурсіі. Экскурсавод-араб з анекдатычным акцэнтам расказваў вядомы са школьных падручнікаў факт – маўляў, падчас рымскай аблогі 146 года да н. э. карфагенскія жанчыны састрыглі валасы, каб зрабіць з іх жгуты для катапульт. Змораныя спёкай турысты абыякава слухалі, млява адбіваліся ад арабскіх гандляроў, звыкла шчоўкалі затворамі фотаапаратаў і нецярпліва паглядалі на гадзіннікі…

Праз якую гадзіну я папнуўся на выхад, і мне нават не схацелася азірнуцца. Карфаген сапраўды быў разбураны, як у знакамітай формуле Катона-старэйшага: “Carthago delenda est, Carthaginem delendam esse”. Прынамсі, у маёй свядомасці.

Цяпер я разумею, што ніколі не паеду ў Венецыю і ніколі не буду аглядаць замака Тауэр. Хай гэтыя месцы так і застануцца для мяне такімі ж рамантычнымі і загадкавымі,  як у тых кніжках, з якіх я пра іх упершыню дазнаўся.

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя