Карнатака. Нацыянальны парк Туяварыкопа



У дзяцінстве ці не самым маім жахлівым уражаннем была экскурсія ў заапарк. Іржавыя смярдзючыя клеткі, зацкаваныя зверы і наведвальнікі, якія тыцкаюць у іх пальцамі…

Але ж я, савецкі піянер і юны натураліст, ведаў, што ў бязмежных амерыканскіх прэрыях і далёкіх індыйскіх джунглях існуюць нейкія нацыянальныя прыродныя паркі, дзе жывёлы жывуць у натуральных умовах і нават палююць адзін на аднаго, а птушкі могуць вольна злятаць у іншыя краі і гэтак жа самавольна вяртацца. І, натуральна, я марыў у такі прыродны парк калі-небудзь патрапіць.

Мая мара здейснілася толькі ў Індыі. Нацыянальны парк Туяварыкопа, што ў штаце Карнатака, – абсалютна натуральныя джунглі. Жывёлы тут не гібеюць за кратамі, а вольна ходзяць па  тэрыторыі ў 20 квадратаных кіламетаў. І ўсё, як у дзікай прыродзе: антылопы шчыплюць траўку, тыгры палююць на антылоп, а гіены ядуць тое, што засталося ад тыгрынага сняданку.

А вось наведвальнікі Нацыянальнага парку крыху пачуваюцца звярамі: па ўсёй тэрыторыі іх возяць на ўсюдыходным мікрааўтобусе з закратаванымі вокнамі. Раз-пораз аўтобус спыняецца, і гід у класічная манеры апавядае: “Паглядзіце налева, перад вамі – сажалка з кракадзіламі… Гляньце направа: на ўзгорку – бенгальскі тыгр. Ніхто не хоча выйсці вонкі і паглядзець на яго бліжэй?”

У Нацыянальным парку Туяварыкопа я здзейсніў, напэўна, свой самы неразважлівы ўчынак за ўсё жыццё: выйшаў з закратаванага аўтобуса, каб зблізу паглядзець на бенгальскага тыгра ў дзікай прыродзе.

Да хіжака было метраў дзесяць. Выглядаў ён сытым, спакойным і крышачку лянотным. Тыгр абыякава глядзеў на мяне з узгорку і не выяўляў аніякай агрэсіі. Можа, я падаўся драпежніку старым і нясмачным. А, можа, тыгр распазнаў у маёй асобе былога савецкага піянера і юнага натураліста, які ў дзяцінстве спачуваў палонным звярам у заапарках?

[Not a valid template]

Уладзіслаў Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара