Касцёл святога Антонія, Княжыцы
Руіны мураванага дамініканскага касцёла знаходзяцца ў мястэчку Княжыцы Магілёўскага раёну.
Касцёл, пабудаваны паміж 1750-1791 гадамі, першапачаткова асвечаны ў гонар Святога Антонія Падуанскага.
Пасля здушэння паўстання 1863 год расейскія ўлады гвалтоўна перарабілі касцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату і надалі ёй імя Аляксандра Неўскага.
У 1930-я савецкія ўлады зачынілі царкву. У часы вайны царква зноў пачала дзейнічаць. У 1965 годзе яе зачынілі, з тых часоў будынак у заняпадзе.
Распавядае Алесь Каліта:
“Напачатку 90-ых, як я быў малым, то часта ездзіў ля яго на ровары рыбу вудзіць у Бракава. Яшчэ тады ён быў у заняпадзе, а мясцовыя забулдыгі накідалі там пляшак. У сутарэннях, што былі амаль засыпаны пяском, велічныя скляпенні. Яшчэ былі трывалымі спаруды будаўнічыя, і месцічы казалі, што быццам той, хто мусіў аднавіць касцёл, польскі (а які ж яшчэ) мецэнат знайшоў у сутарэннях скарб і разам з ім збёг у сваю Польшчу. Такая гісторыя. А Касцёл Велічны”.
Легенды неўміручыя, але трансфармуюцца, таму 15 ліпеня 2021 года ў Княжыцах нам распавялі, быццам у наш час людзі сабралі грошы на рэстаўрацыю, а грошы зніклі разам з тым, хто збіраў.
Касцёл закансерваваны, трапіць ў сярэдзіну немагчыма, паўсюль вісяць плакаты, якія папярэджваюць пра небяспеку, таму аглядаць велічны гмах даводзіцца звонку.
Беларускае Радыё Рацыя