Касцёл Святой Веранікі ў Селішчы – велічная руіна



Барочныя абрысы касцёлу Святой Веранікі заўважныя здалёк – з трасы Полацк-Вільня, з гістарычнага Альгердавага шляху.

Касцёл Святой Веранікі знаходзіцца ў вёсцы Селішча Вушацкага раёну, Віцебскай вобласці.  

Пабудаваны ў 1726 годзе на грошы падчашніка і ротмістра полацкага Яна Язэпа Рагозы, полацкага падсудка Езафата Антонія Сялявы і яго жонкі Элеаноры з Коцелаў для бернардынцаў. 

З 5 алтароў часткова захаваўся алтар Святога Антонія ў правым крыле, скульптуры збітыя, але застаўся напамін пра веліч барочнага інтэр’еру касцёла.

Касцёл – помнік архітэктуры позняга барока.

Сутарэнні касцёла добра захаваліся. 

Да касцёла з паўночнага боку далучаўся 2-павярховы будынак Бернардынскага кляштару корпуса.

Пісьменніца Ірына Жарнасек распавядае: “Калі на Вушаччыне стваралі калгасы, некаторыя мужчыны паверылі ў тое, што гэта справа добраахвотная і адмовіліся ўступаць. Дык у гэтым касцёле замкнулі ўсіх нязгодных і месяц трымалі там. Ведала аднаго мужчыну, чый бацька быў там. Казаў, што пасля такога „перавыхавання” упрогаладзь яны везлі бацьку свайго адтуль на падводзе – не мог стаяць на нагах. А твар, казаў, быў, як палатніна… Тады яны і сталі калгаснікамі”.

Мастак Ігар Куржалаў гаворыць: “Вушацкі раён. Быў там увосень. Дужа сумна. Праблема яшчэ ў тым, што вёска амаль ужо вымерла. Няма для каго і рэстаўраваць гэту прыгажосць. А будынак настолькі велічны! Італія сапраўдная. Уся акруга павымерла. Яшчэ ў Бычках троху жывуць людзi. Я праехаў увосень спрэс усю акругу. Троху заблудзіў дык паглядзеў вёски. Жах, канечне, як і уся Вушаччына, Расоншчына, Лепельшчына. А адрадзіць кляштар было бы цудоўна. Можа i людзі пацягнулiсь бы туды”.

Дах касцёла абваліўся падчас Другой Сусветнай вайны.

Беларускае Радыё Рацыя