Касцёл у Расонах



У кожным беларускім рэгіёне ёсць свае сімвалы і знакі веры і пакут, якія прынесла краіне камуністычнае панаванне. У Расонскім краі такім сімвалам стаў знявечаны крыж ад касцёла ў вёсцы Гарбачэва, які быў зруйнаваны. Цяпер гэты крыж умураваны ў сцяну Расонскага касцёла.

Кажа пробашч расонскага касцёла ксёндз Вячаслаў Барок:

– Ёсць на сцяне знявечаны крыж, які перадалі жыхары Гарбачэва. Яны казалі, што гэты крыж з касцёла гарбачэўскага. Яго адкапалі ў 80-я гады, але ў сувязі з тым, што гэта яшчэ быў час атэізму, то гэты крыж схавалі зноў і толькі потым, калі ў 2005 годзе мы пачалі будаваць гэты касцёл, гэты крыж зноў адкапалі і перадалі нам.

Расонскі касцёл знакаміты сваімі фрэскамі, якія выканаў мастак Уладзімір Кандрусевіч. На гэтых фрэсках акрамя кананічных хрысціянскіх сюжэтаў можна пабачыць выявы хрысціцеля Полацкай зямлі Торвальда Вандроўніка, Святую Еўфрасінню Полацкую і асветніка, беларускага першадрукара Францішка Скарыну.

Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя