Касцёл Унебаўшэсця Пана ў Дзеркаўшчыне



Сёлета Дзеркаўшчынская парафія, што ў Глыбоцкім раёне Віцебскай вобласці, рыхтуе сваю святыню да юбілею.

У касцёле вядуцца рамонтныя працы, парафія імкнецца скончыць іх да траўня 2022 года, калі плануецца адзначэнне 200-годдзя святыні.

Гісторыя касцёла пачалася 7 траўня 1822 года, калі пачалі будаваць святыню  з каменя і цэглы. Сёння гэта помнік архітэктуры першай паловы ХІХ стагоддзя. Будынак касцёла даволі вялікі для вёскі, у якой жыве па стане перапісу насельніцтва за 2019 год 638 чалавек. Яго памеры 25 метраў у шырыню і 40 м у даўжыню. Ён абнесены бутавай агароджай з двух’яруснай чатырохграннай мураванай званіцай пад шатровым дахам і арачнай брамай. У падмурак умураваны мемарыяльны камень з надпісам: “Лявон сын Казіміра Дамейка памёр 1845 ліпеня 29 на 78 годзе жыцця”.

Маршалак Лявон Дамейка быў вядомы сваім багаццем і мноствам маёнткаў. Ён падоўгу жыў у маёнтку ў Сітцах, недалёка ад сучаснай Дзеркаўшчыны. Зараз там, акрамя брамы ад былога маёнтка, амаль нічога не захавалася.

Будаваць каталіцкія храмы ў той час было не дазволена, таму касцёл пачалі ўзводзіць пад выглядам свірана, аб гэтым сведчаць круглыя аканіцы на тыльным баку касцёла. Пасля святыню ўдалося легалізаваць. Асвячэнне храма адбылося 22 мая 1822 года, з гэтага дня і адлічваецца гісторыя касцёла, пад сценамі якога пасля і быў пахаваны Лявон Дамейка.

Падчас Другой сусветнай вайны ў храм трапілі тры міны, тады згарэў ганак, вежы і быў пашкоджаны дах. Але пасля невялікага перапынку касцёл зноў быў адчынены. Апошняя калядная імша прайшла ў храме ў 1959 годзе, потым савецкая ўлада са святыні зрабіла склад і засыпала туды збожжа. Перад гэтым з касцёла вынеслі абразы, статуэткі, разбурылі арган і ўсё астатняе, што нельга было вынесці. Дах разбураўся яшчэ больш, і хутка касцёл увогуле перасталі выкарыстоўваць. Вернікі ў той час  ездзілі хрысціць дзяцей і вянчацца ў Глыбокае. Вядома, рабілі гэта цішком.

І толькі ў 1989 годзе, дзякуючы намаганням мясцовых каталіцкіх вернікаў, касцёл быў аддадзены людзям, і пасля адбудовы 15 мая 1990 года быў асвечаны арцыбіскупам Тадэвушам Кандрусевічам.

Адметная рыса дзеркаўшчынскага касцёла — фрэскі. Яны зробленыя па італьянскай тэхналогіі майстрам Уладзімірам Кандрусевічам, які навучаўся ў Фларэнцыі. Вапна для фрэсак 70 год праляжала пад зямлёй. Лічыцца, што такія фрэскі вечныя. Знішчыць іх можна толькі са сценамі.

Матывы для  фрэсак падказаў сам майстар. Тут можна пабачыць выгнанне Адама і Евы з рая і сцэну, калі Святы Пётр прымае Адама і Еву ў рай пасля адкуплення.

Сёлета 29 чэрвеня 2021 года ў Дзеркаўшчынскай парафіі з’явіўся даволі актыўны новы ксёндз-пробашч Валерый Орсік, яго папярэднік ксёндз Леанід Мозгель 9 лістапада 2020 года адышоў у вечнасць на 52-м годзе жыцця. Ад 6 снежня 2020 года і да прызначэння новага пробашча, адміністраваў парафію ксёндз Мікалай Ціхановіч з Глыбокага.

Беларускае Радыё Рацыя