Катэдра св. Юра ў Львове



Памыляецца той, хто мяркуе, што самы папулярны беларус у Львове – Аляксандр Лукашэнка. Да Лукашэнкі ў «горадзе Лева» стаўленне, мякка кажучы, стрыманае… Выяву найпапулярнейшага беларуса Галічыны можна знайсці ці не ў кожнай грэка-каталіцкай бажніцы Львова, і прытым – на адных з самых пачэсных месцаў. Гэта — Язафат Кунцэвіч.

Праўда, самі львавяне будуць імпэтна даводзіць, што Кунцэвіч усё ж такі ўкраінец – маўляў, нарадзіўся на Валыні, а ўжо толькі потым пераехаў у Вялікае Княства, дзе, уласна, і пачалася яго кар′ера дзеяча царкоўнай Уніі. Але напамін, што Кунцэвіч быў падданым менавіта Вялікага Княства, а не Украіны, падаецца і для ўкраінцаў, і для беларусаў разумным кампрамісам.

У львоўскай Катэдры св. Юра абраз святога Язафата знаходзіцца акурат праваруч ад увахода і адразу вабіць вока.

Зрэшты, на гэтым агульныя беларуска-украінскія матывы найгалоўнага ўніяцкага сабора Украіны не заканчваюцца.

Катэдра, асвячаная ў 1764 годзе, будавалася намаганнямі грэка-каталіцкага ордэна базыліянаў, у свой час надзвычай уплывовага ў нашым краі. Катэдра памятае і вядомых дзеячаў беларускай Уніі – напрыклад, айца Льва Гарошку з-пад Наваградка. Дый некалькі сучасных уніяцкіх святароў, што служаць цяпер у Беларусі, былі высвечаныя менавіта тут.

Сабор св. Юра цікавы не толькі вернікам, гісторыкам царквы і знаўцам архітэктуры. Мала хто ведае, што ў 1826 годзе менавіта тут адбылося першае ва Украіне выкананне «Рэквіема» Вольфганга-Амадэя Моцарта. Дырыжорам быў Франц-Ксаўер Вольфанг Моцарт – сын вялікага кампазітара.

Святаюраўская Катэдра стаіць на магутным узвышшы ў цэнтры горада. Уздым на тое ўзвышша не такі цяжкі, як падаецца адразу. Будзеце ў Львове — не пашкадуйце сілаў і часу…

Не пашкадуеце!

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя