Кавярні Вільні
Вільня – гэта горад, які ўспрымаецца беларусамі як родны. Шмат хто, як і раней, ездзіць у Вільню не толькі на так званыя “закупы”, але і адпачыць у старым горадзе, і наведаць якую-небудзь кавярню, ці нават некалькі, разам з сябрамі ці каханымі.
Калі не было межаў, часта туды ездзілі са сталіцы Беларусі ды іншых прылеглых гарадоў проста папіць смачнай кавы ў кавярні, развеяцца і душэўна адпачыць. Настолькі гэта было дасяжна і зручна, бо туды хадзілі электрычкі, цягнікі і аўтобусы. Некаторыя, можа, іх ужо і не так шмат, але працягваюць гэтую традыцыю і далей.
Усяго ў сталіцы Літвы каля 1600 кавярняў, пабаў і рэстаранаў. Атмасфера гэтых установаў Вільні заўсёды прываблівае сваім спакоем, разнастайнасцю страваў і напояў, добразычлівасцю супрацоўнікаў. Ды і знешняе ўпрыгожванне ўстаноў вабіць турыстаў ужо здаля. Кожны новы сезон чакаеш, як жа ў гэтым сезоне ўпрыгожаць установу, які крэатыў прыдумаюць іх гаспадары і працаўнікі, каб здзівіць наведвальнікаў.
Кавярні, пабы і рэстарацыі Вільні – на любы густ і заможнасць. Гэта не толькі тэматычныя кавярні з нацыянальнымі кухнямі, але і ідэямі, такія, як напрыклад, “Пагоня”, ёсць нават кавярні для аматараў жывёл, да прыкладу, катоў і сабак.
Для аматараў разнастайных дэсертаў і напояў, як, напрыклад, віно з дзьмухаўцоў, тут таксама знойдуцца шыкоўныя мястэчкі, якія, канешне ж, тут мы рэкламаваць не будзем. Бо, як кажуць, хто шукае, той знойдзе! Можам толькі параіць пачаць з бадай самай насычанай кавярнямі і рэстарацыямі вуліцы Stikliu.
Беларускае Радыё Рацыя