Кенаса ў Кіеве – караімская «сінагога са свастыкай»



Пра паходжанне караімаў навукоўцы спрачаюцца і дагэтуль. Напэўна вядома адно: караімы – цюркскі этнас, але іўдзейскага веравызнання. Таксама вядома, што князь Вітаўт пасля крымскага паходу перасяліў караімаў пад Трокі і ў Луцк, прытым цягам наступных стагоддзяў валынскія караімы, дасведчаныя гандляры і рамеснікі, заснавалі процьму факторый па ўсёй Украіне, у тым ліку і ў Кіеве.

Кенаса (менавіта так называецца караімская сінагога) стаіць у цэнтры ўкраінскай сталіцы, непадалёк Залатое Брамы. Гэтую пафасную будыніну ў маўрытанскім стылі збудавалі напрыканцы ХІХ ст. па фундацыі караімскага бізнесоўцы Саламона Аронавіча Когена. За больш чым стогадовую гісторыю Кенаса моцна пацярпела: у ёй месціліся і розныя савецкія ўстановы, і тэатр, і кінатэатр.

Цяпер у Кенасе знаходзіцца Дом акцёра. Калі перайсці на далёкі бок вуліцы і ўважліва паглядзець на самы верх будынка, можна пабачыць цэментовы арнамент – стылізаваную падвоеную свастыку. Безумоўна, да нацызму тая свастыка не мае ніякага дачынення: гэта – салярны сімвал, вядомы тым жа караімам яшчэ задоўга да Гітлера і яго паслядоўнікаў.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя