Хрэшчацік – сталіца Кіева



Калі сярэднестатыстычнага міліцыянта з менскага праспекта Пераможцаў выправіць на патруляванне Хрэшчаціка, то такі міліцыянт, напэўна, завр’яцее ўжо праз колькі хвілінаў.

Optimized-Hraszczacik-1

На галоўнай вуліцы Менска забаронена ўсё, што не дазволена. На галоўнай вуліцы Кіева дазволена ўсё, што не забаронена. Ну хіба вы можаце ўявіць, каб стомлены менчук проста паклаўся на ходнікі, і яго б за гэта не забралі ў пастарунак? Каб па вуліцах хадзілі клоўны на хадулях? Ці каб вулічныя музыкі спявалі ў падземным пераходзе з’едлівыя песні пра ўкраінскага прэзыдэнта, а праваахоўнікі пляскалі ім у далоні і нават кідалі грошы ў футаралы?

Дарэчы,  праваахоўнікі на Хрэшчаціку цяпер не тыя, што былі яшчэ поўгады таму. Новая ўкраінская паліцыя стрыманая, дабразычлівая і вельмі паважае законы. На маіх вачах уладальнік няправільна прыпаркаванага “Лексуса” голасна дэкляраваў, што ён з Генпракуратуры і нават дэманстраваў адпаведныя дакументы, пагражаючы “пасадзіць мянтоў за непавагу”. Старшы патрульны адразу выклікаў дапамогу і паабяцаў надзець на хаблаватага супрацоўніка Генпракуратуры кайданкі.

Па святах і выходных амаль увесь Хрэшчацік становіцца пешаходнай зонай. Турыстаў і проста разявакаў тут куды больш за кіеўлянаў. Спакусы – ці не на кожным кроку: ад тэлевізійных шоў, якія ладзяцца ў прамым эфіры, да бескаштоўных канцэртаў украінскіх і еўрапейскіх пап-зорак, якія арганізуе мясцовая мэрыя.

Але жыць на Хрэшчаціку вельмі тлумна – па выходных ад рана да рана там гучыць музыка. Дый і задорага: яшчэ ў дзевяностыя гады кватэры тут пачалі скупляць заможныя канадскія ўкраінцы, якія і паднялі планку коштаў на нерухомасць. Сярэдняя двухпакаёўка на Хрэшчаціку каштуе цяпер каля 250 000 даляраў.

Калі будзеце ў Кіеве на выходных – не пашкадуйце часу, прагуляйцеся галоўнай вуліцай Украіны. А калі вы стоміцеся, прысядзьце ў якой вулічнай кавярні, прымружце вочы і паспрабуйце ўявіць, што гэта – галоўная вуліца Менска ў недалёкай будучыні…

[Not a valid template]

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя