Кіеў. Антысавецкая лавачка
У сямідзясятыя-васьмідзясятыя гады ветэраны партыйнага будаўніцтва называлі «антысавецкай лавачкай» усё, што выходзіла за межы савецкай ідэалогіі. Выкананне пад гітару песень «Бітлз», калектыўнае праслухоўванне «Голаса Амерыкі» ці «Бі-Бі-Сі» і, натуральна, анекдоты пра Генеральнага сакратара ЦК КПСС…
У цэнтры Кіева, непадалёк станцыі метро «Залатая брама», вось ужо колькі гадоў стаіць сапраўдная «антысавецкая лавачка», аздобленая копіямі старонак з ідэалагічных рупараў СССР — «Правды», «Известий» і «Труда». Артыкул Мікіты Багаслоўскага пра буржуазную разбэсту, якую прапагандуе «Бітлз». Ліст «дарагому Леаніду Ільічу Брэжневу ад удзячных працоўных». Справаздача пра выкананне «прадавольчай праграмы».Загады таварыша Сталіна.
Выявы савецкіх правадыроў выцертыя дупамі школьнікаў, якія любяць бавіцца на тае лавачцы з тэлефонамі. Маладзёны тыя напэўна не ведаюць, што за часамі іх дзядоў-прадзедаў аўтара такой вось малой архітэктурнай формы як мінімум адправілі бы ў далёкія лагеры гадоў гэтак на дзесяць…
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя