Кіева-Пячэрская лаўра закрываецца на каранцін



Кіева-Пячэрская лаўра закрываецца на каранцін. Пра гэта ў час брыфінгу паведаміў мэр Кіева Віталь Клічко.

„З выпадкаў, зарэгістраваных за мінулыя суткі, 63 – у Кіева-Пячэрскай лаўры. Гэта значыць, там ужо больш за 90 пацверджаных выпадкаў захворвання на каронавірус”, – сказаў Віталь Клічко. Па рашэнні камісіі па надзвычайных сітуацыях Кіева лаўра закрываецца на каранцін. Мэр украінскай сталіцы запатрабаваў ад праваахоўных органаў пракантраляваць выкананне гэтага рашэння.

Таксама Віталь Клічко паведаміў, што ўлада накіруе ў лаўру мабільныя рэнтгены і брыгаду медыкаў для забору аналізаў для ПЦР-тэсціравання.

У Кіеве па стане на 13 красавіка зарэгістравана 495 выпадкаў каронавіруса. За апошнія суткі каронавірус пацвердзілі ў 79 чалавек. Усяго ва Украіне зарэгістравана 3,1 тыс. выпадкаў захворвання на COVID-19, з моманту ўспышкі 93 чалавекі памерлі.

belta.by