Кіроўцу аўтобуса „Варшава-Менск” прысудзілі да 3,5 год „хатняй хіміі”
60-гадоваму менчуку прысудзілі 3,5 гадоў „хатняй хіміі” за ДТЗ з аўтобусам „Варшава-Менск” у кастрычніку мінулага года ў Дзяржынскім раёне.

Аварыя адбылася раніцай на 22-м кіламетры дарогі Р-1 „Менск-Дзяржынск”. Кіроўца аўтобуса Neoplan „Варшава-Менск” не знізіў хуткасць і сутыкнуўся з пагрузчыкам. Пасля гэтага аўтобус выехаў у паласу разгону справа, сутыкнуўся з легкавым Peugeot 206, уляцеў у дрэвы і перакуліўся. На момант аварыі ў салоне знаходзіліся два кіроўцы і 61 пасажыр.
„Па прычыне стомленасці кіроўцы аўтобуса і ў выніку парушэнняў ім правілаў дарожнага руху чальцу экіпажа аўтобуса, пасажыру аўтобуса і кіроўцу аўтамабіля Peugeot 206 прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, яшчэ аднаму пасажыру аўтобуса – менш цяжкія цялесныя пашкоджанні”, – гаворыцца ў прэс-рэлізе службы інфармацыі пракуратуры Менскай вобласці.
Суд прызнаў кіроўцу вінаватым. Акрамя 3,5 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу ён таксама на 5 гадоў пазбаўлены права займацца дзейнасцю, звязанай з кіраваннем транспартнымі сродкамі.
