Кносас на Крыце – сляды згубленай цывілізацыі
Старажытны горад Кносас на грэцкім востраве Крыт – гэта мясціна паблізу сучаснага Іракліёна на паўночным беразе ўсяго за 4 кіламетры ад Міжземнага мора. Галоўны горад вострава ў час так званай мінойскай цывілізацыі звязаны з імем крыцкага цара Мінаса. Паводле легенды у наваколлях быў лабірынт Дзедала, дзе быў змешчаны Мінатаўр – пачвара з целам чалавека і галавой быка. У гэты лабірынт на паяданне Мінатаўру скідваліся злачынцы, а таксама прысланыя з Афінаў праз кожныя 8 гадоў юнакі і дзяўчаты. З міфалогіі мы ведаем, што адзін з ліку прызначаных ахвяраў – Тэсей аднымі кулакамі забіў Мінатаўра. У пазнейшую ж эпоху класічнай антычнасці ў Кносасе было цэнтральнае месца культу Зеўса.
Першы храмавы палац у Кносасе быў пабудаваны каля 2000-1700 году да нашай эры. Ён быў разбураны землятрусам. Потым была адбудова і росквіт мінойскай цывілізацыі. Аднак і другі палац дарэшты быў разбураны ў выніку магутнага вывяржэння вулкану і цунамі – адбылося гэта паміж 1628-ым і 1500-ым гадамі да нашай эры.
Пра руіны ў Кносасе ведаў ужо знакаміты Генрых Шліман, аднак яго на гэтае месца не пусцілі туркі. Усе лаўры адкрывальніка дасталіся брытанскаму археолагу Артуру Эвансу, які скупіў зямлю, дзе стаяў старажытны палац і пачаў раскопкі ў 1900-ым годзе. На тэрыторыі Кносасу Эвансу зараз стаіць дастаткова аляпаваты бюст. Эванс з гледзішча сапраўднай навукі нарабіў і нямала шкоды – ён знішчыў некаторыя пазнейшыя слаі, а таксама аднаўляў частку руін паводле свайго ўяўлення.
Цікава, што пры раскопках не былі знойдзены парэшткі людзей і жывёл. На гэты конт існуе версія, што ў час прыроднага катаклізму жыхары Кносасу пакінулі востраў Крыт і рассяліліся на ўзбярэжжы.
Сёння Кносас наведваюць шматлікія турысты, якія могуць паглядзець старадаўнія руіны, больш познія аднаўленні, месцы паганскіх культаў. На тэрыторыі растуць прыгожыя дрэвы і гуляюць самазадаволеныя паўліны.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара