Колькасць аграсядзіб у Беларусі за 2019 год вырасла на 11,6 працэнта



Колькасць аграсядзіб у Беларусі за 2019 год вырасла на 11,6 працэнта. Пра гэта паведаміў 27 лютага на прэс-канферэнцыі намеснік дырэктара дэпартамента па турызме – начальнік аддзела планавання і арганізацыі турысцкай дзейнасці Міністэрства спорту і турызму Віталь Грыцэвіч.

„Развіццё аграэкатурызму характарызуецца дадатнай дынамікай. Мы бачым несумненны рост колькасці аграсядзіб. Па стане на 1 студзеня 2020 года іх колькасць вырасла на 11,6 працэнта і склала амаль 2,8 тыс.”, – сказаў Віталь Грыцэвіч.

Беларускія аграсядзібы ў мінулым годзе наведалі больш за 514 тыс. чалавек (на 22 працэнты больш, чым у 2018 годзе), вырасла колькасць замежных турыстаў. „Амаль 60 тыс. чалавек з 78 краін пабывалі ў сядзібах і ацанілі наш адпачынак. Большасць з іх грамадзяне Расеі, аднак іх колькасць зніжаецца і павялічваецца доля турыстаў з іншых дзяржаў”, – адзначыў Віталь Грыцэвіч.

Прадстаўнік Мінспорту лічыць, што агратурызм становіцца адметнасцю беларускай турыстычнай галіны. „І мы актыўна рэкламуем гэта на міжнародных рынках. Арганізуем нацыянальныя стэнды Беларусі на турыстычных выстаўках і запрашаем для ўдзелу аграсядзібы, каб яны маглі рэкламаваць свой прадукт. Такія выстаўкі былі праведзены ў Расеі, Польшчы, краінах Балтыі і нават у Кітаі”, – растлумачыў Віталь Грыцэвіч.

belta.by