Колькасць палётаў «Белавія» за тыдзень пасля захопу Пратасевіча ўпала на 80,5%



Замест 21 краіны дзяржаўная авіякампанія цяпер лятае толькі ў 9.

Дзяржаўная авіякампанія «Белавія», вымушаная закрыць рэйсы ў шэрагу еўрапейскіх кірункаў, разлічвае ў першую чаргу на свае сілы пры выхадзе з цяперашняй сітуацыі.

«“Белавія” — адкрытае акцыянернае таварыства, таму разлічвае ў першую чаргу на свае сілы», — адказалі ў кампаніі на пытанне аб планах звярнуцца да ўраду Беларусі па фінансавую падтрымку, піша Радыё Свабода са спасылкай на расейскія «Ведомости».

У авіякампаніі таксама дапусцілі, што могуць скараціць частку штату, але не на 50%, як пісалі ў прэсе дагэтуль.

«Пра масавыя скарачэнні гаворкі не ідзе. Рашэнні аб персанале могуць быць прынятыя толькі па рэкамендацыі кіраўнікоў падраздзяленняў і толькі з улікам бягучага аб’ёму працы».

На сёння «Белавія» вымушаная была прыпыніць палёты ў 21 краіну, актуальнымі застаюцца маршруты толькі ў 9 краін — гэта 17 гарадоў/аэрапортаў.

«Што тычыцца асобна Расеі, то ў “дакавідны” час авіякампанія выконвала 140-150 рэйсаў на тыдзень, цяпер — 13. Іншыя статыстычныя дадзеныя ў сувязі з падвышанай занятасцю ўсіх аддзелаў даць цяжка», — удакладнілі ў «Белавія».

novychas.by