Кракотка – адна з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі



У сваім артыкуле “Мой друг і мая зямля” Уладзімір Караткевіч пісаў: “І толькі гэта ўнутранае падабенства дало мне тады шчаслівае адчуванне рэальнасці таго фантастычнага хараства, што буяла вакол. Аднаго з найпрыгажэйшых гарадоў (маецца на ўвазе Слонім) і адной з найпрыгажэйшых вёсак Беларусі – Кракоткі…”

А найпрыгажэйшай вёску Малую Кракотку (з Вялікай Кракоткай вёска злілася быццам у 1967 годзе) Слонімскага раёна Уладзімір Караткевіч назваў, вядома, з-за яе шыкоўнай прыроды. Некалі вёску, як казаў пакойны Янка Саламевіч, называлі Малой Швейцарыяй. Вёска Кракотка сапраўды прыгожая: за ёй узгоркі (Быстраўка), сасновы лясок Язвіны, побач за агародамі, за Іарданкаю, якая бяжыць у Зяльвянку, альховая паласа, а за ёю – сасновы лес, поўны грыбоў і ягад. Сама вёска высаджана вязамі, ліпамі, скрозь садкі з кветкамі. Калі там жывеш, дык гэтага не заўважаеш. І толькі, калі доўга тут не бываеш, усю гэту прыгажосць заўважаеш найбольш адчувальна, ярка і выразна.

Калі прыязджаеш у Кракотку, здалёк з правага боку вітае гасцей храм Ражства Прасвятой Багародзіцы. У 1883 годзе каля могілак быў пабудаваны храм з камення. Цяпер ён аднаўляецца, разбудоўваецца і пашыраецца. А ў другім канцы Кракоткі дзейнічае яшчэ адзін храм святога прарока Іанна Прадцечы. Ён знаходзіцца ў лесе побач за вёскай.

Але знакамітая Вялікая Кракотка найперш тым, што тут яшчэ ў 1927 годзе пры гуртку Таварыства беларускай школы вясковая моладзь заснавала  бібліятэку-чытальню, якую назвалі імем народнага паэта Беларусі Янкі Купалы. Гэта была першая ўстанова культуры рэспублікі, якой было нададзена імя песняра.

У 1949 годзе Валянцін Таўлай у сваім артыкуле “Творчасць Янкі Купалы ў барацьбе за ўз’яднанне беларускага народа” (“Полымя”, № 10, 1949) пісаў: “Імем Янкі Купалы называліся беларускія культурнаасветныя ўстановы — бібліятэкі і чытальні. Нам дакументальна вядома, што ў вёсцы Вялікая Кракотка Слонімскага раёна, сяляне, якія арганізаваліся ў гурток ТБШ (Таварыства беларускай школы), у 1927 годзе заснавалі шляхам ахвяраванняў кніжак і грошай на закуп літаратуры вясковую бібліятэку-чытальню і прысвоілі ёй імя нашага слаўнага песняра Янкі Купалы. Аб гэтым паведамляла “Наша праўда” № 11 ад 11 мая 1927 года…”.

Арганізатарамі ТБШ і бібліятэкі ў той нялёгкі 1927 год у вёсцы былі Рыгор Акулевіч, Сцяпан Ігнатовіч, Васіль Трафімовіч, Сямён Жыткевіч, Павел Таўлай, Кастусь Петручэня і іншыя вясковыя хлопцы. Дарэчы, Рыгор Акулевіч, каб пазбегнуць арыштаў з боку польскіх уладаў, у 1928 годзе эміграваў у Канаду, дзе актыўна ўключыўся ў рабочы і фермерскі рух, прымаў удзел у выпуску першай рускай газеты ў Канадзе “Канадский гудок”. Газета мела і беларускую старонку.

Адначасова пры бібліятэцы і пры вясковым гуртку ТБШ былі створаны драматычны, харавы і музычны калектывы. Імі кіравалі Васіль Трафімовіч і Аляксандр Жыткевіч. Рэпетыцыі праводзіліся ў памяшканні бібліятэкі, а спектаклі — у адрамантаваным і прыстасаваным школьным хляве. Пастаноўкі былі платнымі. За выручаныя грошы, папаўняўся кніжны фонд бібліятэкі і аказвалася дапамога палітзняволеным.

За кароткі час свайго існавання драмгурток паставіў шмат п’ес беларускіх і ўкраінскіх драматургаў, у тым ліку “Паўлінку”, “Раскіданае гняздо”, “Прымакоў”, “На папасе” Янкі Купалы, “Збянтэжанага Саўку” Леапольда Родзевіча, п’есы Францішка Аляхновіча і Уладзіслава Галубка. Пастаноўкі і вечары песень давалі не толькі культурны адпачынак, але з’яўляліся моцным сродкам палітычнай агітацыі.

Але польская паліцыя перашкаджала дзейнасці беларускіх грамадскіх арганізацый. Праіснаваўшы некалькі гадоў, бібліятэка-чытальня імя Янкі Купалы ў Вялікай Кракотцы была зачынена паліцыяй, а кнігі канфіскаваны. Праўда, тыя выданні, якія знаходзіліся ў чытачоў і ў перасоўках у вёсках Рудаўка, Малая Кракотка, яшчэ доўга хадзілі па руках і чыталіся вяскоўцамі.

Затым пачаліся рэпрэсіі супраць актывістаў, многіх без суда і следства кінулі ў канцлагер Картуз-Бяроза. Так, Сцяпан Ігнатовіч быў засуджаны на сем гадоў турэмнага зняволення, Рыгор Збраевіч — на пяць, Кастусь Петручэня — на шэсць гадоў турмы. Паэту Валянціну Таўлаю, якога арыштоўвалі неаднаразова, далі восем гадоў.

У верасні 1939 года слаўную купалаўскую бібліятэку ў вёсцы Вялікая Кракотка зноў аднавілі, але праз некаторы час яе дзейнасць была спынена — ужо гітлераўскім нашэсцем.

Дата новага нараджэння Вялікакракоцкай бібліятэкі — жнівень 1946 года. Аднойчы ў вёску завітаў супрацоўнік слонімскай раённай газеты “Вольная праца” паэт Анатоль Іверс. Ён сабраў калгасны сход, на якім было аднадушна вырашана прызначыць загадчыкам бібліятэкі імя Янкі Купалы інваліда вайны Аляксандра Жыткевіча. Трыццаць гадоў адпрацаваў Аляксандр Іванавіч, рабіў усё, каб яго родная бібліятэка апраўдала імя вялікага Купалы.

Многія пісьменнікі дарылі кнігі з аўтографамі асабіста яму як чалавеку, які любіў сваю справу і шырока прапагандаваў родную літаратуру і культуру. Гэтыя кнігі Аляксандр Іванавіч Жыткевіч пакідаў у бібліятэцы, каб чыталі вяскоўцы. “Дарагому Аляксандру Іванавічу Жыткевічу і вялікаму сябру кнігі з сардэчнай павагай Мікола Арочка”, — аўтограф земляка на кнізе “Крылатае семя”. Піліп Пестрак на сваёй кнізе “Неспадзяванак” напісаў: “Жыткевічу Аляксандру — ад шчырага сэрца”.

Вялікую дапамогу ў рабоце бібліятэкі аказала і жонка Янкі Купалы Уладзіслава Францаўна Луцэвіч. Жывучы ў Менску, яна амаль кожны месяц прысылала ў бібліятэку пісьмы, бандэролі і пасылкі з кнігамі і альбомамі. У 1951 годзе Уладзіслава Францаўна ўпершыню наведала Вялікую Кракотку, а ў 1957 годзе прымала ўдзел у святкаванні 30-годдзя бібліятэкі. Сустрэчы з гэтай жанчынай Аляксандр Жыткевіч (у 1999 годзе яго не стала) заўсёды ўспамінаў з вялікім хваляваннем, радасцю і цеплынёй. Уладзіслава Францаўна была вельмі задаволена, што бібліятэка на Слонімшчыне носіць імя Янкі Купалы.

Дзякуючы цётцы Уладзі, для бібліятэкі прыслалі свае кнігі з аўтографамі Міхась Лынькоў, Аркадзь Куляшоў, Андрэй Макаёнак і многія іншыя вядомыя пісьменнікі.

Захоўваліся ў бібліятэцы і кнігі з аўтографамі Алеся Якімовіча, Мікалая Аўрамчыка, Леаніда Прокшы, Івана Навуменкі, Сяргея Панізьніка і многіх іншых нашых творцаў. Але самая каштоўная рэліквія, якую захоўвала бібліятэка, — гэта аўтограф Якуба Коласа. У 1952 годзе з Мінска ён прыслаў бібліятэцы сваю кнігу “Адшчапенец”, выдадзеную ў 1950 годзе. На ёй чарнільнай ручкаю напісана: “Бібліятэцы імя Янкі Купалы вёскі Вялікая Кракотка. Якуб Колас. 2.8.1952 г.”. Цяпер кніга з аўтографам захоўваецца ў Слонімскай цэнтральнай раённай бібліятэцы імя Якуба Коласа.

Вялікакракоцкая сельская бібліятэка імя Янкі Купалы Слонімскага раёна за свой 80-гадовы шлях шмат разоў адзначалася ўзнагародамі. У 1960 і 1967 гадах гэтая ўстанова культуры за шматгадовую плённую працу была ўзнагароджана Ганаровымі граматамі Міністэрства культуры СССР. Дзве ганаровыя граматы і два дыпломы атрымала бібліятэка ад Міністэрства культуры і Прэзідыума Вярхоўнага Савета Беларусі.

У 2005 годзе бібліятэка ў Вялікай Кракотцы набыла новы статус і стала Бібліятэкай-музеем імя Янкі Купалы. А ў 2007 годзе яна адзначыла сваё 80-годдзе. Але гэта быў апошні юбілей бібліятэкі ў Кракотцы. У 2008 годзе яе закрылі, а каштоўныя кнігі і фотаздымкі перадалі ў іншыя бібліятэкі Слонімшчыны, а таксама ў Сялявіцкую сельскую бібліятэку. Усе акупацыі і войны перажыла слаўная Купалаўская бібліятэка, а вось сённяшні час перажыць не змагла. Шкада…

Сёння будынак слаўнай Купалаўскай бібліятэкі пустуе, у ім гуляе вецер. І людзі, якія прыязджаюць у Кракотку, ніхто пра бібліятэку нічога не ведае і не прыгадвае. А турысты з усіх куткоў Беларусі, асабліва летам, спяшаюцца ў Кракотку і сёння, найперш да святой крыніцы. Бо кажуць, што кракоцкая вада – лекавая, найперш яна лечыць вочы ад розных хваробаў, а таксама ачышчае людскія душы ад самоты і… ад бяспамяцтва.

[Not a valid template]

Сяргей Чыгрын, Беларускае Радыё Рацыя, Слонімскі раён

Фота аўтара