Крэва: месца, дзе падпісалі Унію
Старажытны Крэўскі замак у Беларусі заўсёды вабіць турыстаў. Паглядзець яго ў мінулыя выходныя мяне запрасілі знаёмыя з суполкі BELARUS ON TOUR.
Наш выезд распачаўся з Менску і амаль праз гадзіну мы на бусе даімчалі да старажытнага паселішча.
Замак ХІІІ стагоддзя пасля рэканструкцыі вельмі змяніўся. Раней на гэтым месцы можна было пабачаць дзьве бакавыя сцяны і гару валуноў, а цяпер пасля талакі, што з пару год таму была абвешана вядомым журналістам Глебам Лабадзенкам, замак вельмі змяніўся.
Калі мы кажам пра гістарычную важнасць гэтай славутасці – то ўзрост Крэўскага замка робіць яго значнай гісторыка-культурнай каштоўнасцю і выбітнай славутасцю Беларусі.
У сценах замка ў XIV ст. адбываліся найважнейшыя гістарычныя падзеі. Так, у 1382 годзе, у падзямелле замка на загад вялікага князя Ягайлы быў задушаны яго дзядзька Кейстут – прэтэндэнт на вялікакняскі трон.
Пра гэта вельмі любяць распавядаць экскурсаводы на тэрыторыі замка і нават паказваюць, дзе канкрэтна – у якой частцы замка гэта было зроблена (дарэчы, экскурсіі на беларускай мове на тэрыторыі замка вельмі танныя – 5 рублёў з групы да 10 чалавек)
Асноўным гістарычным фактам, які цікавы летувісам, палякам і беларусам, з’яўляецца тое, што менавіта тут, у Крэўскім замку, у 1385 годзе была падпісана Крэўская унія, пагадненне аб саюзе паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Польшчай, якое шмат у чым абумовіла будучыню і гістарычны лёс гэтых краін і ўсёй Усходняй Еўропы ў цэлым.
У далейшым замак станавіўся арэнай баявых дзеянняў у многіх канфліктах, шмат разоў ён быў пашкоджаны і зноў адноўлены, шмат разоў мяняў гаспадароў. Але да канца XVIII – пачатку XIX ст. замак у вёсцы Крэва канчаткова страціў сваё стратэгічнае значэнне, быў закінуты і пачаў разбурацца.
Калі казаць пра канчатковае разбурэнне замку – гэта адбылося ў Першую сусветную вайну, каля Крэва праходзіла лінія фронту. 21 ліпеня 1917 года ў ходзе артылерыйскай атакі на нямецкія пазіцыі войскі Расійскай імперыі дашчэнту разбурылі сцены замка. У 1998 годзе з мэтай садзейнічання захаванню і адраджэнню Крэўскага замка ўтварыўся міжнародны фонд «Крэва».
Цяпер на тэрыторыі замка адбываюцца раскопкі і асноўныя знаходкі, што выкопваюць археолагі і валанцёры – гэта рэчы, звязаныя з І сусветнай вайною.
Акрамя замка ў Крэве ёсць яшчэ дзве славутасці: гэта царква Святога Аляксандра Неўскага, пабудаваная ў 1854 годзе, і касцёл Праабражэння Гасподняга, пабудаваны тут зусім нядаўна, у 1997 годзе.
Насупраць увахода ў замак можна прыдбаць розныя керамічныя вырабы, магніцікі і розныя памятныя рэчы, звязаныя з замкам і самым Крэвам.
Крэва – гэта такі населены пункт, куды я перыядычна заяджаю раз на пяць год, каб пабачыць, што тут змянілася.
Андрэй Мялешка, Менск – Крэва – Гародня