Крым увёў курортны збор для турыстаў
Дзяржаўны савет Крыма на пасяджэнні ў сераду прыняў закон аб увядзенні з траўня 2018 года курортнага збору ў 10 расейскіх рублёў за суткі пражывання.
У эксперыменце, які вырашылі праводзіць штогод з 1 траўня да 30 верасня, пагадзіліся ўдзельнічаць Алушта, Еўпаторыя, Сакі, Судак, Феадосія, Ялта і Чарнаморскі раён, паведамляе Інтэрфакс.
Прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін раней падпісаў закон аб увядзенні курортнага збору ў чатырох рэгіёнах краіны: у Крыме, Алтайскім, Краснадарскім і Стаўрапальскім краях. Эксперымент будзе доўжыцца да канца 2022 года
Аператарамі курортнага збору стануць юрыдычныя асобы і індывідуальныя прадпрымальнікі, якія аказваюць паслугі па размяшчэнні турыстаў.
Плацельшчыкамі – паўналетнія турысты, якія спыніліся больш чым на суткі ў рэгіёнах.
Памер збору не можа складаць больш за 50 расейскіх рублёў з аднаго чалавека за суткі знаходжання ў гасцініцы у 2018 годзе і 100 рублёў – у астатнія гады правядзення эксперыменту.
Краснадарскі край ўсталяваў 10-рублёвы курортны збор. Стаўрапольскі край заявіў пра намер спаганяць па 50 рублёў, Алтайскі край вырашыў браць з курортнікаў па 30 рублёў.