Становішча роварных маршрутаў у „Пышках” Гародні



Дзе знаходзіцца возера Зялёнка? Як праехаць да форта №13? Такія пытанні задаюць вандруючыя на роварах гарадзенцы.

Амаль праз сем гадоў пасля стварэння шэрагу роварных маршрутаў у межах праекту LLB-2-210 „Развіцця роварнага турызму і турыстычна-інфармацыйнай сістэмы ў памежным рэгіёне Літвы і Беларусі” людзі вандруючыя на роварах не могуць зарыентавацца ў лесе. Чаму? Відаць, варта супаставіць намеры ў стварэнні міжнародных маршрутаў з рэальным станам рэчаў.

Праедземся па частцы гэтых роварных маршрутаў, якія называюцца „Крэйдавыя горы” і „Райгарад”. Нумары маршрутаў 412 і 419.

Пачнем з асфальтавага пакрыцця, частка якога пралягае па гэтых маршрутах.

У Гародні ад вуліцы Фестывальнай пешаходная сцежка павольна ідзе паралельна з роварнай. Яны падзелены паласой. Пасля павароту пешаходная знікае, але роварная сцежка, апрача пазначанай паласы, нічым не папярэджвае, што яна цалкам належыць раварыстам. Знакі адсутнічаюць. Разметка з выявай ровара на асфальце сцёртая. Людзі шпацыруюць паўсюль, у тым ліку па асфальтавым ходнікам. Папярэджваем новых раварыстаў! На роварнай сцежцы ўжо былі выпадкі сутыкнення з пешаходамі. Прычына справа тут зусім не ў нявыхаванасці, а ў адсутнасці дастатковай колькасці папярэджанняў пра наяўнасць роварнага маршруту, а таксама разметцы на дарожным пакрыцці і знакаў.

Дарэчы, знакаў на дрэвах на маршрутах 412 і 419 вельмі мала. Толькі чалавек з досведам зразумее як правільна ехаць. Асфальтавая роварная сцежка засмечана пілавіннем і ламаччам. Побач ідуць лесараспрацоўкі. Іх могуць назваць „санітарнай ачысткай”, але не верыцца. Праз некалькі кіламетраў заўважны другі знак маршрутаў.

Няма разметкі і падзелу на асфальтавай сцежцы каля „Парку Джынглі” і „Гатэля Кронан”. Фактычна няма маршрутаў, якія гэтак актыўна прасоўвалі прадстаўнікі праграмы транспамежнага супрацоўніцтва Беларусі з краінамі-суседзямі. Іншымі словамі, слядоў выдзеленых на праект LLB-2-210 сродкаў у гэтай частцы нябачна. Людзі шпацыруюць і не ведаюць, што ходзяць па роварнай сцежцы.

На асфальтавай сцежцы раварыст можа сустрэць на сваёй паласе (дзе яны бачныя) лаўкі, якія маглі б быць размешчаны на палове пешаходаў, бо там бяспечней. І вось уявіце, едзе па сваёй палове раварыст, а там маці, ці бацька з дзецьмі на лаўцы, ці крэйдай малююць на асфальце роварнай сцежкі. Вінаватыя ў гэтым праектанты, а таксама складальнікі маршрутаў.

„Вельмі маляўнічы” куток маршрутаў 412 і 419 каля пляжу Вусікі. Калючы дрот навюткі.

Гэты фотаздымак можа застацца без каментара. Куды ехаць турысту і так ясна.

Пашкоджаныя сякерай дрэвы, знятая ці знішчаная інфармацыйная шыльда, аўтастаянка на месцы для раварыстаў ды вялікая колькасць смецця. Адпачываць тут не хочацца, нават заязджаць у такі „гадзюшнік”.

Далей ідзе выезд на дарогу. Калісьці па ёй хадзілі самазвалы з крэйдай. Сэнсоўна было гэтую дарогу прыстасаваць для раварыстаў, бо маршрут 412 і 419 пралягае менавіта тут. Але слупы не нагадваюць „што і куды”, а разметкі такія рэдкія, што паездка ператвараецца ў квэст. Дарога патрабуе падсыпкі ці выроўнівання. Гэты недахоп цягнецца да наступнага пункту маршрута прыпынку Спартыўнага. Частка маршрута ўвогуле не нагадвае роварную сцежку. 

Гэта рыбацкая, ці казіная сцежка, якая месцамі ператворана ў гоначнае ралі „Парыж-Дакар”.

Значная частка маршрута 412-419 ад прыпынку „Спартовы” да „Купалінкі” дадаюцца яшчэ рукатворныя завалы на сцежках. Магчыма існуе пэўны піетэт, ці „забава” для некаторых тамтэйшых жыхароў да роварных маршрутаў у Пышках каля санаторыя „Перлавы” – завальваць вузкія месцы сцежкі пілаванымі дрэвамі, ламаччам, якое не аб’ехаць. К цёмную пару – можа быць трагедыя. Наехаць адзін з дзясяткаў расстаўленых пастак можа нават самы пільны раварыст.

На пераездзе да 13-га форта выкапаныя абмежавальныя слупы. Праехаць можа хто заўгодна на аўтамабілі. Дарога разбітая, з ямамі карэннем. Не прыдатная для роварнай вандроўкі.

Асноўная выснова: маршруты 412-419 у частцы лесапарку „Пышкі” – неадпаведная для турыста, які плануе праехаць транзітам па адным з іх. Для выправы, пасуе толькі горны ровар. На гібрыдзе дарога будзе ўяўляць сабой паласу перашкодаў. Месцы прыпынку лепей выбіраць самастойна, бо вызначаныя не даглядаюцца і засмечаныя. Доступу да электрычнасці на прыпынках няма, няма і калонак з вадой. Праект Еўразвяза па развіцці роварнай інфраструктуры аказаўся правальным. Самае галоўнае, што на маршрутах адсутнічае разметка, папярэджанняў пра павароты, знакаў і роварных сцежак.

Турыст, які захоча праехаць самастойна, без дасведчанага мясцовага жыхара, рызыкуе заблукаць і згубіць цікавасць да паездкі.

Пажаданні ўстановам, якія ўтрымліваюць роварныя маршруты ў частцы „Пышак”:

1. Зрабіць разметку, ушчыльніць колькасць знакаў, дадаць паваротныя ўказальнікі, а таксама папярэджанні для пешаходаў пра наяўнасць роварных маршрутаў.

2. Вузкія часткі сцежак маршрутаў выраўняць і пашырыць.

3. Дарогі маршрутаў павінны быць дагледжаныя, ачышчаныя ад завалаў і падсыпаныя. Месцы бардзюраў (раён санаторыя „Перлавы” ) паніжаны да нуля. Даглядаць маршрутныя сцежкі трэба рэгулярна, шляхам расчысткі, падсыпкі, усталявання агароджаў для абмежавання праезду аўтамабіляў!!!

4. Крутыя спускі варта забяспечваць асфальтавымі пандусамі з агароджамі. Маршрут павінен быць утульным для турыста. Прапаную даглядчыкам маршрутаў час ад часу праехаць на роварах па маршрутах 412 і 419, каб адчуць сябе ў скуры турыста. 

Віктар Парфененка, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня