Купалаўскі запаведнік “Ляўкі” сёння
У вёску Ляўкі, на маляўнічы бераг Дняпра, на Аршаншчыну варта прыехаць хаця б для таго, каб зразумець, якім паветрам дыхаў і жыў народны паэт Беларусі Янка Купала (1882-1942). Калісьці ён трапіў сюды зусім выпадкова. Прыехаў па справах камандзіроўкі, ды так палюбіў гэты край, што вырашыў пабудаваць тут дачу.

Янка Купала штогод прыязджаў у Ляўкі і жыў там з ранняй вясны да позняй восені. Каб уявіць, як добра яму тут пісалася, варта зайсці ў будынак дачы пісьменніка. Прыглушанае святло, пах свежага дрэва, прыемная прахалода.
Ляўкі спадабаюцца аматарам даўніны — тут шмат рарытэтнай мэблі і тэхнікі. Аўтааматарам прыйдзецца даспадобы бліскучы купалаўскі “Шэўрале”, які стаіць у гаражы. Цікава, што такіх мадэляў аўтамабіляў сышло з канвеера крыху больш за дзве тысячы. I толькі адзін з іх трапіў у Беларусь, і па распараджэнні ўрада атрымаў яго менавіта наш пясняр Янка Купала.
Сёння купалаўскі мемарыяльны запаведнік “Ляўкі” – філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы. Купалаўскія Ляўкі будаваліся па праекце беларускага пясняра, гэты маляўнічы куток стаў апошнім прыстанкам Купалы на радзіме: адгэтуль напачатку вайны ён з’ехаў у эвакуацыю. На яго тэрыторыі, у будынку канторы Копыскага лясніцтва, была створана экспазіцыя, якая расказвае пра жыццё і творчасць паэта.
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік уключае некалькі пабудоў: гэта былая кантора Капыскага лясніцтва, гэта дача Янкі Купалы, гэта домік шафёра, бо ў Янкі Купалы быў шафёр, гараж, дзе захоўваецца па-сённяшні дзень аўтамабіль “Шэўрале”, дрывянік і іншыя гаспадарчыя пабудовы. Усе гэтыя пабудовы з’яўляюцца гісторыка-культурнай каштоўнасцю, і супрацоўнікі музея прыкладаюць пэўныя намаганні, каб захаваць і перадаць наступным пакаленням гэтую прыгожую і гістарычную мясціну.
Літаратуразнаўцы ў сваіх даследаваннях вылучаюць асобны „Ляўкоўскі цыкл”: на сваёй дачы Янка Купала напісаў 18 вершаў, самыя вядомыя з якіх „Хлопчык і лётчык”, „Беларусь ордэнаносная”, „Алеся” і іншыя.





























Беларускае Радыё Рацыя
