Купалле на Пінскім Палессі ў ХІХ стагоддзі
Старажытнае народнае свята Купалле адзначалася ў сельскай мясцовасці нават у часы панавання атэістычнай улады, калі апрыёры ўсё рэлігійнае не мела права на існаванне ў жыцці грамадзяніна краіны Саветаў. Цяпер назіраецца супрацьлеглае, на вышэйшым узроўні кіраўніцтва рэспублікі робіць захады па папулярызацыі свята. Усё ж гэта сімвал краіны, пэўная адметнасць.
Можна пачуць спрэчкі, калі трэба адзначаць Янаў дзень – у ноч на 24 чэрвеня альбо – у ноч на 7 ліпеня. Усё гэта з-за вядомых зрухаў у календары. Ёсць пытанні і ў царкоўнікаў. Дыскусія дускусіяй, але здаецца галоўнае, што традыцыя жыве не адное стагоддзе. Змяняліся дзяржавы, грукаталі войны на нашай пакутніцкай зямлі, але купальскае вогнішча ня згасла. Спадчына ад далёкіх продкаў.
У большасці выпадкаў інфармацыя пра Купалле падаецца спрошчана ці агульна. Гаворыцца, што гэтая з’ява характэрная для Беларусі і Украіны. Кораценька даецца апісанне звычаяў, абрадаў і некалькі тлумачэнняў. Нібы ўсё проста: вогнішча, дзяўчаты і хлопцы, Папараць-кветка, вада і розныя ведзьмакі. Здаецца, так і ёсць, але калі зірнуць хоць троху глыбей, то адкрыем шмат цікавага. Возьмем канкрэтны рэгіён.
Пінскае Палессе, сучасныя вёскі Вішавічы, Пінкавічы, Гарадзішча і Купяцічы. Тут, як і 150 год таму, ладзяць гулянні на Янаў дзень, адзначаюць штогод без перапынку. Вядомая атрыбутыка свята, скажам стэрэатыпная, што не зусім адпавядае таму, як было ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Па дапамогу звернімся да этнаграфічнай працы Дзмітрыя Булгакоўскага “Пінчукі”, выдадзенай у 1890 годзе. Аўтар – праваслаўны святар, які служыў у 1870-х гадах пры Пінскай епархіі, рабіў назіранні за народнымі звычаямі ў вышэй пералічаных сёлах.
Булгакоўскі ў сваім зборніку “Пінчукі” апісвае лад жыцця тутэйшых жыхароў, характэрны для другой паловы ХІХ стагоддзя. Ён падкрэслівае набажнасць палешукоў, але разам з тым, адзначае, як моцна шануюцца звычаі, цалкам неадпавядаючыя хрысціянскім канонам. Ягоныя “Пінчукі” ўвабралі ў сябе 257 разнастайных па змесце песняў з характарыстыкай і заўвагамі па іх асаблівасцях і мове, 210 загадак з адгадкамі і 65 прыказак і прымавак.
Безумоўна, што пытлівы святар не абмінуў і Купалле:
(…) Пад імём Купала ў народзе вядомае свята Раства Іаана Хрысціцеля. Вечарам пад Купала, робяць карагодныя гульнні пад назвай Выкінь. Яно складаецца з наступнага: вечарам пад свята маладзіцы (жанчыны, якія нядаўна выйшлі замуж ), дзяўчыны і хлопцы збіраюць чарот, якога па пінскіх балотах вельмі шмат, салому, камыш і ўсё гэта выносяць за сяло, выбіраюць больш узвышанае месца. З сабранага матэрыялу робяць вогнішча. Калі яно разгарыцца, моладзь скача праз агонь па некалькі разоў; пры гэтым бываюць скокі і карагодныя гульні – выкінь. Хлопцы з дзяўчынамі і маладымі жанчынамі робяць з сябе кола і, кружачыся каля агню, спяваюць.
Усё гэта пачынаецца перад заходам сонца і канчаецца каля паўночы. Скочаць праз агонь з перакананнем, што русалкі ня будуць нападаць і прыходзіць на працягу года ў хлеў даіць кароў.
Жанчыны рана на Купала рвуць крапіву, якую вешаюць на дзвярах у хлявах, таму што русалкі, на іх думку, баяцца гэтай расліны. Калі трапіцца ў гэты святочны дзень жаба, забіваюць яе з думкай, што гэта русалка паўзла, у выглядзе жабы…
Пры гэтым аўтар адзначыў, што ўвесь Янаў дзень палешукі спяваюць песні з летняга цыкла. Наракаюць на цяжкую долю, ўсхваляюць прыроду, просяць Стваральніка Сусвету даць здароўя і моцы, каб выгадаваць і сабраць добры ўраджай. Нездарма Купалле называюць старажытным земляробчым святам.
Вядома ж, што з кожным пакаленнем мяняецца фармат, з’яўляецца нешта новае, але галоўнае – гэта нацыянальная памяць, якая безумоўна грунтуецца на такіх святах. Янаў дзень ідзе!
Пятро Савіч, Беларускае Радыё Рацыя