Кушляны Багушэвіча
Фальварак Кушляны на Смургоншчыне – гэта тое месца, дзе міжволі задумваешся пра суіснаванне чалавека і прыроды, пра ўплыў наваколля на светагляд і пра многае іншае, шчымлівае і глыбока асабістае. Мясцовыя краявіды заварожваюць сваёй непаўторнасцю, узнікае адчуванне, што нібыта гэта асобны свет і нічога больш не існуе. У такой мясціне гадаваўся і жыў наш вялікі патрыёт, паэт і “сялянскі адвакат” Францішак Багушэвіч, чалавек у беларускай гісторыі, якім скончылася адна эпоха і пачалася іншая.
У Кушлянах Багушэвіч правёў апошнія свае гады – з 1898 да смерці ў 1900-ым. Аднак, валодаў фальваркам род беларускага песняра здаўна – яго купіў яшчэ прапрадзед Антон у 1749-ым годзе. Гадаваўся будучы паэт у іншай хаце, якая не захавалася, а той дом, які існуе, быў пабудаваны напрыканцы жыцця Багушэвіча.
Адраджацца Кушляны пачалі ў сярэдзіне васьмідзесятых гадоў мінулага стагоддзя, калі пачалі паўставаць новыя беларускія суполкі. Менавіта яны прыязджалі сюды на талаку, каб парадкаваць сядзібу, пазней эстафету падхапілі ўжо дзяржаўныя структуры і ўрэшце паўстаў мемарыяльны музейны асяродак. Доўгія гады яго захавальнікам і вартаўніком быў надзвычай цікавы чалавек – Міхал Ляпеха. Сюды ж у Кушляны настала пераехаў паэт Алесь Жамойцін, які стаў дырэктарам створанага Літаратурнага музею. Цяпер на тэрыторыі сядзібы дом, парк з пладовым садам, драўляная альтанка з назвай “Распятая воля”, зробленая некалі Багушэвічам у памяць ахвяраў паўстання 1863 году (яе маляваў яшчэ Язэп Драздовіч да рамонту). Непадалёк ад сядзібы камень “Памяці Мацея Бурачка”. Багушэвіч любіў пасядзець на ім, папісаць вершы, лісткі потым клаў пад валун у адмысловую схованку. А пасля яго смерці блізкія выбілі на гэтым камяні адпаведны напіс. Асаблівая адметнасць фальварку – аўтэнтычны свіран дзевятнаццатага стагоддзя. Гэтая абора захавалася таму, што была мураванай, Багушэвіч надзвычай любіў лес і заклікаў іншых берагчы дрэвы. Цешаць вока старыя прысады з клёнаў, вязаў, каштанаў, ліпаў. Некалі было тут і шмат дубоў, ведама гісторыя пра тое, як пад імі Багушэвічу ўдалося “пасеяць” баравікі, а больш ніхто падобны дослед паспяхова паўтарыць не змог. У блізкіх ваколіцах рэшткі яшчэ двух старых паркаў – удзельнікаў даўняга паўстання Ясевіча і Маркоўскага. Уласна экспазіцыя музея складаецца з дзвюх частак: мемарыяльнай, дзе змешчаны асабістыя рэчы і мэбля паэта і гісторыка-літаратурнай, якая адлюстроўвае біяграфію і творчасць Багушэвіча. Асаблівы экспанат – чатырохпалосны сцяг паўстанцаў.
Францішак Багушэвіч пражыў шчаслівае жыццё: змагаўся са зброяй за вольнасць, навучаў іншых, бараніў людзей, меў сваё гняздо, садзіў дрэвы, працаваў на зямлі і жыў у свеце паэзіі. Цяжка сказаць, што адчуваў ён сам, але, здаецца, што найбольшай яго радасцю былі якраз Кушляны. Сёння заснавальнік беларускай літаратуры на дзіва ўшанаваны ў параўнанні з іншымі нацыянальнымі героямі: дагледжаная магіла і помнічак у Жупранах, адроджаная светлай памяці Юрыем Гілём родавая сядзіба ў Свіранах, што цяпер на тэрыторыі Летувы, нядаўна пастаўлены да дня беларускага пісьменства прыгожы помнік у Смургонях. Але, найбольшай памяццю пра Багушэвіча канешне ёсць Кушляны, якімі можна зацікавіцца праз кніжкі краязнаўца Уладзіміра Содаля, а закахацца ў іх, прыехаўшы і пахадзіўшы па гэтай мясціне. Мясціне, дзе так хораша дыхаецца і мроіцца.
[Not a valid template]
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара