Куточак некранутай прыроды ў межах горада



Не ў кожным беларускім населеным пункце ёсць падобны запаведны куточак. Так як малады горад аўтамабілебудаўнікоў Жодзіна прырастаў суседнімі вёскамі і паселішчамі, то ў гарадскіх межах апынуўся вялікі ўчастак абалоні ракі Пліса. На шчасце, тут не паспелі папрацаваць меліяратары і не выпрасталі рэчышча. А рака тут пятляе надзвычай маляўніча.  

Рака Пліса невялікая, даўжыня яе ўсяго 64 кіламетры. Працякае яна па тэрыторыі Смалявіцкага і Барысаўскага раёнаў і ўпадае ў Бярэзіну. (Дарэчы, ў Беларусі ёсць яшчэ адна рака Пліса, але тая прыток Нёмана).

Такім чынам у Жодзіне сам сабою стварыўся прыродны парк з цікавымі раслінамі, лугамі, мастамі праз раку, і натуральна з прыгожай невялікай ракой. Тут любяць адпачываць жодзінцы – шпацыраваць па цяністых сцежках.

А яшчэ тут створана дзяржаўная ўстанова дадатковай адукацыі «Цэнтр творчасці, турызму і экскурсій дзяцей і моладзі”, які ладзіць не толькі экскурсіі і падарожжы па родным краі, але арганізоўвае розныя турыстычныя і экстрэмальныя спаборніцтвы, у тым ліку і на самой рэчцы.

Магчыма, праз нейкі час гэты маляўнічы куток горада Жодзіна атрымае нейкі адмысловы ахоўны статус. І гэта абавязкова трэба зрабіць.

[Not a valid template]Васіль Кроква, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара