«Лайк-забойца»



Калі спытаць украінца, хто для яго зараз з’яўляецца ўнутраным ворагам, то ў адзін шэраг з калабарантамі і вядомымі крамлёўскімі агентамі ён напэўна паставіць прадстаўніка секты «Мой дом СССР». Такі вораг паводзіць сябе ціха, з натоўпу не выдзяляецца, вядзе звычайны спосаб жыцця. Як і ўсе, падчас паветранай трывогі баіцца, падчас каменданцкай гадзіны сядзіць дома і… працуе.

То бок развівае бурную дзейнасць на прасторах Інтэрнэту. З 2017 года ва Украіне забаранілі сацсеткі «Аднакласнікі» і «Укантакце». І калі апошняй карысталася, у асноўным, моладзь, якая без жалю адмовілася ад «УКантакце» і пераскочыла ў іншыя сацсеткі, то любіцеляў «Аднакласнікаў» забаронай не напалохаеш. Тым больш, калі ім 50+ і яны настальгуюць па савецкім дзяцінстве і юнацтве. 

Тым больш, калі ёсць праграма для абароны анлайн-ананімнасці – VPN. Гуляй, душа, калі за акном каменданцкая гадзіна! Не дрыжы, рука, калі ставіш лайк пад пастом «победа будет ZA нами»! Потым іх выкрывае кіберпаліцыя, ім выносяць абвінавачанне ў „гларыфікацыі ваеннай агрэсіі Расіі супраць Украіны”, іх судзяць. Карацей кажучы, рэальна караюць за антыўкраінскія лайкі і рэпосты. На Чарнігаўшчыне за такую дзейнасць пенсіянерка атрымала пяць год турмы.

Камусьці гэта здасца абсурдам, бо такі тэрмін у асобных выпадках прадугледжваюць санкцыі артыкулаў аб крадзяжы або аб згвалтаванні. Чым і апелююць адвакаты: маўляў, іх падапечныя – не публічныя асобы і не маюць уплыву на грамадства, чаму ж судом быў ужыты такі суровы прысуд да простай прыстойнай жанчыны/сумленнага пенсіянера/даўно і глыбока беспрацоўнага мужчыны. На судзе раскайваюцца ўсе і клянуцца ў вернасці Украіне. Іншы погляд на такіх персанажаў у праваахоўнікаў: з такіх карыстальнікаў часта атрымліваюцца карэкціроўшчыкі агню.

Варожая агентура іх старанна адсочвае ў сацсетках, прыцягвае да супрацоўніцтва. І за грошы, і па ідэйных меркаваннях. А потым раз – і 50 забітых у вёсцы на Харкаўшчыне 5 кастрычніка. Ракетным ударам па кафэ-краме, дзе праходзілі памінкі па загінуўшым украінскім воіне. Пападанне было настолькі дакладным, што ў праваахоўнікаў ёсць падставы падазраваць кагосьці з мясцовых жыхароў у навядзенні ўдару. Простая прыстойная жанчына/сумленны пенсіянер/даўно і глыбока беспрацоўны мужчына…

Ліза Ахроменка, Беларускае Радыё Рацыя