Латвія абмежавала авіязносіны з Беларуссю



Урад Латвіі абмежаваў авіязносіны з Беларуссю і абавязаў сваіх перавозчыкаў пазбягаць беларускай паветранай прасторы, паведаміла латвійскае Міністэрства зносін (транспарту).

„У адказ на дзеянні беларускіх уладаў па перахопе і прымусовай пасадцы грамадзянскага пасажырскага самалёта авіякампаніі Ryanair у аэрапорце Менска, ацаніўшы наяўную ў распараджэнні органаў авіяцыйнай бяспекі інфармацыю і адрэагаваўшы на ініцыятыву Міністэрства замежных спраў, урад Латвіі 25 мая ўвёў абмежаванні на выдачу дазволаў на палёты зарэгістраваным у Беларусі авіяперавозчыкам поруч з выкарыстаннем паветранай прасторы і аэрапортаў Латвіі. Акрамя таго, абмежаванае права латвійскіх самалётаў выкарыстоўваць паветраную прастору і аэрапорты Беларусі. Рашэнне набывае моц неадкладна”, — гаворыцца ў паведамленні.

Гэта азначае, што латвійскі Мінтранс прыпыніць дзеянне дазволу на палёты беларускай авіякампаніі „Белавія” і не будзе выдаваць дазволы на нерэгулярныя палёты іншым беларускім перавозчыкам. Таксама прыпыненае дзеянне дазволу латвійскай авіякампаніі airBaltic на маршрут у Менск.

Пастановай урада таксама прадугледжана, што латвійскія аэрапорты не будуць абслугоўваць самалёты іншых краін, якія выкарыстоўваюць паветраную прастору Беларусі на сваім маршруце палёту.

Агенцтва грамадзянскай авіяцыі правяло ацэнку рызыкі паветранай прасторы Беларусі і прызнала яе небяспечнасць для палётаў грамадзянскай авіяцыі.

„Гэта беспрэцэдэнтны выпадак у гісторыі грамадзянскай авіяцыі і парушэнне Канвенцыі аб міжнароднай грамадзянскай авіяцыі. Была пастаўленая пад пагрозу бяспеку пасажыраў, экіпажа і самалёта. Савет ЕС ацаніў інцыдэнт сапраўды гэтак жа, яго рэкамендацыі адпавядаюць з пазіцыяй урада Латвіі. Нашы рашэнні ўзгодненыя і аргументаваныя”, — падкрэсліў міністр транспарту Латвіі Таліс Лінкайтс.

Пастанова ўрада будзе заставацца ў сiле да той пары, пакуль не будзе прынятае рашэнне пра бяспеку паветранай прасторы ў Беларусі для палётаў пасля ацэнкі.

belapan.by