Латвія электрыфікуе чыгунку ў напрамку Беларусі
Латвія плануе да 2023 года завяршыць электрыфікацыю чыгункі ў напрамку Беларусі, паведаміў міністр зносін Латвіі Таліс Лінкайтс на палях Беларускага транспартнага тыдня, перадае БЕЛТА.
„Нас радуе грузапаток з Беларусі, і мы імкнемся да ўдасканалення аказання паслуг. Вядзецца праца над электрыфікацыяй чыгуначнай лініі ў напрамку Беларусі, каб па завяршэнні праекта ў 2023 годзе наш сэрвіс стаў хутчэй і зручней і для грузаперавозчыкаў, і для пасажыраў”, – сказаў Таліс Лінкайтс.
Паводле яго слоў, цяпер з Беларусі ў Латвію ходзяць два пасажырскія цягнікі: Менск – Рыга і Кіеў – Менск – Вільня – Рыга. „Абодва цягнікі запатрабаваныя, і мы бачым, што ў летнім сезоне ёсць магчымасць павялічыць колькасць цягнікоў у кірунку Беларусь – Латвія, – адзначыў міністр. – Кантэйнерны экспрэс-цягнік Рыга – Менск, пушчаны ў пачатку 2018 года, таксама паказаў сваю канкурэнтаздольнасць. Грузаўладальнікі атрымалі магчымасць рэгулярна дастаўляць груз па чыгунцы на працягу 22 гадзін, карыстацца паслугамі палегчанага перасячэння мяжы і электроннай транспартнай накладной”.
Таліс Лінкайтс перакананы, што патэнцыял перавозак паміж Менскам і Рыгай ў будучыні будзе толькі расці ўслед за развіццём Кітайска-беларускага індустрыяльнага парку „Вялікі камень”. „У кантэксце індустрыяльнага парку „Вялікі камень” мы бачым вялікі патэнцыял для падаўжэння новага Шаўковага шляху ў рэгіён Паўночнай Еўропы на базе трохбаковага супрацоўніцтва паміж Латвіяй, Кітаем і Беларуссю”, – дадаў ён.