Лаўкостар Wizz Air можа адкрыць рэгулярныя авіярэйсы з Гародні
Венгерская авіякампанія-лаўкостар Wizz Air разглядае магчымасць адкрыцця рэгулярных рэйсаў з Гародні. Пра гэта паведаміў пасол Венгрыі ў Беларусі Жолт Чутора 2 траўня на сустрэчы са старшынёй Гарадзенскага аблвыканкама Уладзімірам Краўцовым.
„Паводле інфармацыі венгерскага госця, прапрацоўваецца пытанне арганізацыі рэйсаў венгерскай бюджэтнай авіякампаніі Wizz Air з аэрапорта ў Гародні”, — гаворыцца ў паведамленні на сайце Гарадзенскага аблвыканкама.
Wizz Air — бюджэтная венгерская авіякампанія, створаная ў 2003 годзе. Ажыццяўляе пасажырскія перавозкі пераважна ў краіны Еўропы, а таксама ў Марока, Ізраіль, ААЭ і Казахстан. Усяго кампанія абслугоўвае 450 маршрутаў і злучае 129 напрамкаў у 38 краінах свету. У флоце авіякампаніі — 104 самалёты Airbus A320 і А321.
Міністр транспарту і камунікацый Аляксей Аўраменка на калегіі 7 лютага паведаміў, што ў Беларусі разглядаецца пытанне стварэння базавага аэрапорта для лаўкост-кампаній, якія можна прыцягнуць у краіну. Знаходзіцца ён будзе ў адным з абласных цэнтраў.
„Цяпер мы прапрацоўваем пытанне базавага абласнога аэрапорта для лаўкост-кампаній, якія ў наступным могуць прыйсці ў Беларусь. Пытанне з выбарам рэгіёна пакуль не вырашанае. Аднак у першую чаргу лаўкосты прыйдуць у абласныя аэрапорты — гэта наш падыход па працы з імі”, — падкрэсліў Аўраменка.
У дэпартаменце па авіяцыі Мінтранса раней канстатавалі, што ў пытанні прыходу ў Беларусь лаўкост-авіякампаній далей за перамоўны перыяд справа пакуль не ідзе. Для прыходу бюджэтных авіяперавозчыкаў неабходны пэўны пастаянны паток пасажыраў, ёсць таксама пытанні па цэнавай палітыцы аэрапортаў і магчымых датацыях.
belapan.by