Летась за мяжу з’ездзілі амаль у 4 разы менш беларускіх турыстаў, чым годам раней



У 2020 годзе за мяжу ў якасці турыстаў і экскурсантаў з’ездзілі 258,6 тыс. беларусаў, паведаміў Белстат.

Для параўнання: у 2019 годзе выехала 982,9 тыс. чалавек, што ў 3,8 разу больш, чым у 2020-м.

У мінулым годзе ў краіны СНД выехала 7,2% беларускіх турыстаў, у краіны ЕЗ — 10%, іншыя краіны — 82,8%.

Найбольш наведвальнымі замежнымі краінамі былі Егіпет, Турцыя, Украіна, Польшча, Чарнагорыя, Албанія, Расія, Літва, Туніс, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты. На долю гэтых дзесяці краін прыходзілася 91,4% агульнай колькасці беларускіх турыстаў, якія з’ездзілі за мяжу.

У 2020 годзе 571,5 тыс. грамадзян Беларусі былі адпраўленыя турыстычнымі арганізацыямі ў туры ў межах краіны, пры гэтым аднадзённымі турыстычнымі паездкамі (экскурсіямі) скарысталася 494,5 тыс. чалавек (86,5% беларускіх турыстаў, якія падарожнічалі ўнутры краіны).

У краіне ў мінулым годзе працавала 613 гасцініц і аналагічных месцаў размяшчэння. Паслугамі гасцініц і аналагічных сродкаў размяшчэння скарысталіся 1 млн 71,1 тыс. чалавек (у 1,6 разу менш, чым у 2019-м), з іх грамадзяне краіны — 70,1%, грамадзяне іншых дзяржаў — 29,9% (краін СНД — 21,9%).

На тэрыторыі Беларусі ў 2020 годзе працавалі 483 санаторна-курортныя, аздараўленчыя арганізацыі і іншыя спецыялізаваныя сродкі размяшчэння, у тым ліку 77 санаторыяў.

У санаторна-курортных, аздараўленчых арганізацыях было размешчана 628,6 тыс. чалавек (на 27,7% менш, чым у 2019 годзе), замежныя грамадзяне склалі 74,3 тыс. чалавек (у 3,2 разу менш) — 11,8% ад агульнай колькасці размешчаных.

Паводле дадзеных Міністэрства па падатках і зборах, у 2020 годзе ў краіне налічвалася 2.936 суб’ектаў аграэкатурызму (2.760 — у 2019 годзе), паслугамі якіх скарысталіся 433,3 тыс. чалавек (-15,8%). Грамадзяне Беларусі ў агульнай колькасці аграэкатурыстаў склалі 97,9%.

Летась Беларусь наведалі 81 тыс. арганізаваных замежных турыстаў і экскурсантаў (у 5 разоў менш, чым у 2019 годзе). Найбольшая колькасць замежных турыстаў і экскурсантаў — расіяне (64,5%).

Сярод жыхароў іншых краін лідарамі па колькасці наведванняў Беларусі сталі турысты з Польшчы, Літвы, Латвіі, Германіі, Турцыі, Украіны, Ірака, Ізраіля, Швейцарыі, Балгарыі, Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў.

Сярэдняя працягласць знаходжання замежных турыстаў склала шэсць дзён (у 2019 годзе — чатыры дні).

На канец 2020 года ў Беларусі ажыццяўлялі турыстычную дзейнасць 1.348 арганізацый, паслугамі якіх скарысталася 911,1 тыс. арганізаваных турыстаў і экскурсантаў (365 тыс. турыстаў і 546,1 тыс. экскурсантаў).

Як адзначаюць у шэрагу бізнес-саюзаў, цяпер на мяжы краху знаходзяцца ўсе суб’екты турыстычнай дзейнасці (тураператары, турагенты, экскурсаводы, музеі), а таксама перавозчыкі (авія, ж/д, аўтобусныя). У той жа час, лічаць яны, дзяржорганы не прынялі мер па падтрымцы турыстычнай галіны. Таму бізнес-саюзы маюць намер зноў накіраваць свае прапановы ва ўрад для паўторнага разгляду сітуацыі ў тургаліне.

Як паведамлялася, у канцы лістапада 2020 года ўрад прыняў план першачарговых мер па падтрымцы ўнутранага і ўязнога турызму. Дакумент не прадугледжвае падатковых і іншых фінансавых мер па падтрымцы галіны. Пры гэтым у дакуменце пералічваюцца меры па пераадоленні наступстваў пандэміі каранавіруса для тургаліны. У прыватнасці, урадам ставіцца задача стымуляваць уязны турызм, нарошчваць экспарт турыстычных паслуг шляхам правядзення „шырокай інфармацыйнай кампаніі па інфармаванні замежных грамадзян, а таксама грамадзян, суб’ектаў турыстычнай індустрыі аб прынятых мерах па супрацьдзеянні распаўсюджванню COVID-19”.

belapan.by