Лілія Кобзік: Лепшых часоў для беларускага турызма ужо не будзе
Галоўны рэдактар газеты “Турызм і Адпачынак” Лілія Кобзік распавядае пра тое, куды паедуць адпачываць беларусы ў гэтым годзе.
Лілія Кобзік: У гэтым годзе беларускія турысты крыху актывізаваліся, бо апошнія два гады яны амаль нікуды не ездзілі, а турыстычны рынак знаходзіўся ў заняпадзе. Практычна ўсе накірункі давялося “падрэзаць”, было вельмі сумна і турыстам, і турфірмам. Але зараз, як быццам, нашы людзі крыху прызвычаіліся да крызіснай сітуацыі і навучыліся так эканомна траціць сродкі, каб можна было адкласці грошы на адпачынак. Усё ж-такі нават у крызіс хочацца з’ездзіць сям’ёй на мора.
РР: Але ці можна казаць, што турыстычныя патокі могуць вярнуцца ў дакрызісныя часы?
Лілія Кобзік: Лепшых часоў для беларускага турызма ужо не будзе, у людзей зараз іншыя прыярытэты. Заробкі не растуць, а дзе-нідзе нават змяншаюцца. У той жа час сярэдні клас усё-такі вырашыў адпачываць, і ранняе браніраванне ў гэтым годзе было. Ужо забраніравалі прыкладна трэць ад усіх чартарных рэйсаў, якія мы маем па ходу сезона па такіх накірунках, як Грэцыя альбо Балгарыя. Гэта не кажа пра тое, што турыстычны сезон ужо прайшоў “на ура”, але рынак крыху прыйшоў у сябе.
РР: Якія накірункі ў гэтым годзе будуць самыя папулярныя ў беларусаў?
Лілія Кобзік: Самы папулярны накірунак – Балгарыя. Яна не такая танная, як была раней, але, тым менш, карыстаецца попытам. У Турцыі і Егіпце праблемы і туды многія баяцца ехаць, Крым нашым турыстам больш не цікавы. Таму едуць у Балгарыю, а таксама мы бачым проста неверагодную колькасць прапаноў па яшчэ адным досыць танным накірунку – у Адэскую вобласць. Там можна адпачыць за 200 даляраў на чалавека. Будзе карыстацца попытам і Грэцыя. Увогуле, мяркую, што гэты турыстычны сезон будзе лепшым чым мінулыя, хаця таксама не абыйдзецца без складанасцей.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя