Ліпеньскі рознакаляровы Львоў



Падарожжа ва ўкраінскі Львоў адбылося некалькі дзён таму, у сярэдзіне ліпеня.  

Ехаў я ў сталіцу Заходняй Украіны цягніком з Менску. Цягнік той выходзіць спярша з Магілёву і ў Менску прыпыняецца на паўгадзіны а 19-й . У цягніку як купэйныя, так і плацкартныя вагоны. Квіток у купэйным вагоне каштуе каля 100 беларускіх рублёў (каля 50 еўра). Хто збіраецца ехаць у Львоў – раю квіток ці квіткі туды і назад набыць зарання, бо можна атрымаць адзінае месца каля прыбіральні. Свае квіткі у адзін і другі бок я набываў за тыдзень да падарожжа, таму  – быў выбар.

Адзінаю вялікаю перашкодай з’яўляецца начны памежны і мытны дагляд як з беларускага, так і ўкраінскага боку і праблема ў тым, што ён адбываецца сярод ночы. Правадніца ў вагоне пра дагляд папярэджвае сваіх пасажыраў за 30-40 хвілін да таго, як прыйдуць мытнікі і памежнікі, таму паспаць сярод ночы вам асабліва не ўдасца.

Прыяджае цягнік на вакзал Львова а 9-й раніцы і трэба падрыхтавацца да таго, што вы прыяджаеце ў транспартны калапс. Плошча каля вакзала амаль заўсёды застаўлена аўтобусамі, таксоўкамі і маршруткамі. Гэтым разам наша каманда выбіралася з вакзала больш за паўгадзіны з –за вялікай колькасці транспарту і рамонту дарогі.

Адразу з вакзалу трапляешь ў чалавечую завіруху. Каля вакзалу – невялікі кірмаш, дзе людзі прадаюць розныя рэчы ды прадукты, садавіну і агарордніну.

Старыя будынкі і архітэктурныя цікавосткі трапляюцца адразу ад вакзалу, таму многія турысты ходзяць азіраючыся па баках ужо ад месца прыезду. Сам вакзал стары і нагадвае вакзалы ў розных гарадах Польшчы ці Нямеччыны.

Аднак самыя цікавыя месцы і рознакаляровасць гораду больш сабраныя ў цэнтры. Раю падарожнікам пачаць аглядаць горад ад Опернага. Самыя турыстычныя месцы – гэта плошча Рынак, ці праспект Свабоды і вуліцы побач. Тут вядомая і прарэкламаваная “Крыівка” і “Капальня кавы”. У “Капальні кавы” можна пасядзець ў сутарэннях і падземных пакоях і ўбачыць адзіны забой кавы, дзе здабываюць смачную і адрозную ад астатніх месцаў каву.

Рознакаляровасць Львову – гэта і мяшанка моваў і культураў, розныя кухні і цікавыя месцы. На плошчы Рынак можна танна набыць розныя сувеніры, якія амаль немагчыма набыць ў іншых гарадах. Цэрквы і касцёлы, храмы іншых рэлігій, – гэта таксама частка шматколернасці Львову. Гэты горад можна наведваць у любы час году і ў любое надвор’е. Упершыню я быў ў ім амаль 10 год таму і за гэты час шмат чаго змянілася. Будынкі рамантуюцца і заўважна вялікая колькасць турыстаў. Збіраюся ў гэты горад яшчэ і раю таксама паехаць сюды з дзецьмі, каб пабачыць яго з іншага боку.

Гэтая мая паездка ў Львоў адбылася ў межах “Шостай школы талерантнасці для беларускіх журналістаў”.

[Not a valid template]

 

Андрэй Мялешка, Беларускае Радыё Рацыя, Гародня – Львоў