Літоўскі візавы цэнтр у Менску аднаўляе выдачу шэнгенскіх віз
Літоўскі візавы цэнтр з 19 ліпеня зноў будзе выдаваць ахвотным з Беларусі шэнгенскія візы тыпу С і D.
Такая інфармацыя з’явілася на сайце VFS Global, афіцыйнага партнёра Пасольства Літвы ў Рэспубліцы Беларусь.
У паведамленні адзначаецца, што ўсе візавыя заявы будуць разглядацца выключна ў пасольстве Літвы ў Менску, працэдура будзе праходзіць адпаведна патрабаванняў дыпламатычных прадстаўніцтваў.
Літоўскі візавы цэнтр у Менску перастаў прымаць дакументы 8 ліпеня, а 7 ліпеня такое рашэнне прыняў і візавы цэнтр у Гародні. Гэта было звязана з тым, што МЗС Беларусі прыняло рашэнне скараціць да мінімуму дыпламатычнае прадстаўніцтва Літвы да аднаго супрацоўніка консульскай службы, а таксама трох супрацоўнікаў адміністрацыйна-тэхнічнага персаналу. Аналагічныя меры ў адказ прыняло і літоўскае МЗС.
Беларускае Радыё Рацыя