Літва і Польшча працягнулі забарону ўезду замежнікаў
З-за распаўсюджвання эпідэміі каранавіруса COVID-19 Літва і Польшча працягнулі да 13 красавіка забарону на ўезд замежнікаў. Перасячы мяжу могуць вадзіцелі грузавога транспарту, а таксама некаторыя іншыя катэгорыі асоб (якія маюць від на жыхарства і г.д.).
Польшча закрыла мяжу 15 сакавіка першапачаткова на 10 дзён. Як паведамляе Пагранічная варта краіны, на польска-беларускай мяжы па-ранейшаму працуюць толькі тры пераходы („Кузніца”, „Баброўнікі”, „Цярэспаль”).
Літва перакрыла ўезд для замежнікаў 16 сакавіка першапачаткова на два тыдні. Пасля для беларускіх грамадзян быў створаны транзітны гуманітарны калідор з мэтай спрыяння іх вяртанню на радзіму (дзейнічае да 26 сакавіка). На мяжы з Беларуссю Літва пакінула адкрытымі таксама тры пераходы („Мядзінінкай — Каменны Лог”, „Шальчынінкай — Беняконі”, „Райгардас — Прывалка”).
Украіна працягнула дзеянне забароны да 24 красавіка. Мяжа была зачыненая 17 сакавіка (да 3 красавіка), а з 24 сакавіка ўкраінцам забаронена выязджаць за мяжу ў якасці турыстаў. У краіны, дзе ёсць інфікаваныя каранавірусам, не могуць выехаць і грамадзяне Літвы.
У Расеі забарона на ўезд замежнікаў дзейнічае з 18 сакавіка па 30 красавіка, пры гэтым 27 сакавіка цалкам спыняюцца авіязносіны (за выключэннем эвакуацыі грамадзян РФ з іншых краін). У Латвіі забарона на ўезд і выезд (па-за рамак вяртання дадому) была ўведзеная 17 сакавіка і будзе дзейнічаць як мінімум да 14 красавіка.
Беларусь свае межы не закрывала. Сітуацыю вакол каранавіруса Аляксандр Лукашэнка назваў псіхозам.