Літва прапаноўвае аднавіць чыгунку ад Друскенікаў да Гародні



Міністэрства транспарту і сувязі Літвы прапаноўвае аднавіць чыгуначную лінію да Гародні, устанавіўшы тым самым злучэнне з Друскенікамі. Гэту ідэю выказаў на нядаўняй нефармальнай сустрэчы міністраў кіраўнік Мінтранса Літвы Яраслаў Наркевіч, паведамляе прэс-служба міністэрства.

„Абноўленыя чыгуначныя зносіны з Гародняй будуць спрыяць развіццю турызму, грузавых перавозак і будуць мець іншыя эканамічныя перавагі. Курорт Друскенікі стане больш даступным для жыхароў іншых гарадоў Літвы і суседняй Гародні ў Беларусі, дазволіць прыцягнуць дадатковыя турыстычныя патокі і атрымаць дадатковы даход у дзяржаўны бюджэт”, — адзначыў Наркевіч.

Чакаецца, што пасля аднаўлення ўчастка чыгункі Марцінконіс — Друскенікі — дзяржаўная мяжа з Беларуссю жыхары Літвы і замежныя турысты змогуць праехаць па маршрутах Вільня — Друскенікі, Вільня — Гародня, Друскенікі — Гародня, Варана — Друскенікі. Гэта дазволіць паменшыць колькасць транспарту на дарогах, а таксама палепшыць экалагічную сітуацыю і скараціць колькасць аварый.

Мяркуецца, што па абноўленай чыгуначнай лініі штогод будуць перавозіць 180 тыс. пасажыраў і 1,5 млн тон грузаў. Праект можа быць рэалізаваны праз чатыры гады.

Чыгуначная лінія Друскенікі — Гародня дзейнічала ў часы СССР, але перастала функцыянаваць у 1991 годзе пасля ўстанаўлення дзяржаўнай мяжы паміж Літвой і Беларуссю. У Літве ўчастак заканчваецца на станцыі Марцінконіс за 50 км ад Гародні.

belapan.by