Літва ўвяла змены па нацыянальных візах
З 1 ліпеня ў Літве з’явіліся змены па выдачы нацыянальнай візы. Вільня істотна скараціла спіс тых, хто можа атрымаць такі дакумент, а таксама зрэзала варыянты, як можна падаць заяву на такую візу. Пра гэта паведамляецца на сайце міграцыйнай службы Літвы. Новаўвядзенні закранулі і беларусаў.
Студэнтам-очнікам і працоўным мігрантам зараз трэба адразу падаваць заяву на часовы від на жыхарства. Але нюанс у тым, што для грамадзян Беларусі і Расіі магчымасць падаваць заявы на ВНЖ праз візавыя цэнтры закрыта. Адзіны варыянт, па ўсёй бачнасці, – заехаць у Літву і на месцы падаць дакументы на ВНЖ. Але тут узнікае пытанне, на якой падставе трапіць у суседнюю дзяржаву, асабліва ў сітуацыі, калі па-ранейшаму складана атрымаць шэнгенскую візу.
Але нават калі беларус зможа заехаць па шэнгене і падаць заяву на ВНЖ, то ёсць рызыка не паспець атрымаць гэты дакумент да заканчэння тэрміну дзеяння візы.
Беларускае Радыё Рацыя