Літва з наступнага тыдня спрашчае выдачу віз беларусам



 З 21 верасня Літва часова спросціць працэдуру выдачы нацыянальных віз для грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.

 З 21 верасня Літва часова спросціць працэдуру выдачы нацыянальных віз для грамадзян Беларусі, паведамляе прэс-служба МЗС Літвы.

Беларусы змогуць атрымаць літоўскую візу тэрмінам на паўгода пры прад’яўленні мінімальнага пакета дакументаў і пацвярджэнні сваіх фінансавых магчымасцяў — наяўнасці сродкаў на тры месяцы або абавязацельства юрыдычнай асобы даць такія сродкі.

„Змены, якія набылі моц, істотна спросцяць працэдуры перасялення работнікаў і іх сем’яў, — гаворыцца ў паведамленні. — Гэта асабліва важна для беларускіх кампаній, якія вырашылі перанесці свой бізнес у Літву. У той жа час гэты крок рэалізуе важную частку плана дапамогі народу Беларусі”.

Для беларусаў будуць дзейнічаць тыя ж умовы атрымання нацыянальнай візы, што і для грамадзян Аўстраліі, Японіі, Вялікабрытаніі, ЗША, Канады, Новай Зеландыі і Паўднёвай Карэі.

Міністр замежных спраў Лінас Лінкявічус адзначыў, што літоўская дыпламатычная служба здольная забяспечыць плаўны і хуткі працэс выдачы віз, не ствараючы бюракратычных і адміністрацыйных перашкод.

У сваю чаргу міністр унутраных спраў Літвы Рыта Тамашунене заявіла: „Наша мэта — паскорыць працэдуры, каб можна было хутчэй выдаваць візы. Таксама дэпартамент міграцыі пачне разгляд заяў высокакваліфікаваных спецыялістаў да іх прыбыцця ў Літву. Цяпер самае галоўнае — забяспечыць бесперашкоднае выкананне працэдур”.

Чакаецца, што спрашчэнне візавага рэжыму працягнецца да 21 сакавіка 2021 года.

belapan.by