Літва забараніла ўезд легкавых аўтамабіляў з Беларусі і Расеі
3 красавіка набыла моц забарона на ўезд у Літву легкавых аўтамабіляў з Расеі і Беларусі. З сённяшняга дня праз літоўскія пункты пропуску на беларускай мяжы ўезд легкавых аўто прыватнага выкарыстання забаронены, паведамляе Дзяржаўны пагранічны камітэт Беларусі.
Асобам, якія вяртаюцца дадому, дазволена ехаць транзітам праз Літву, але толькі групамі ў суправаджэнні праваахоўнікаў і без прыпынкаў.
У той жа час у беларускіх пунктах пропуску на літоўскім напрамку абмежаванняў па выездзе грамадзян Літвы няма. „Беларускі бок гатовы паспрыяць замежнікам у вяртанні да месца іх пастаяннага пражывання”, — падкрэсліваецца ў паведамленні ГПК.
Па пытаннях, звязаных з выездам грамадзян краін ЕЗ у Літву, Дзяржпагранкамітэт рэкамендуе звяртацца ў пасольствы і консульскія ўстановы адпаведных дзяржаў.
Пагранічнікі звяртаюць увагу, што беларускія грамадзяне могуць уязджаць у Беларусь без абмежаванняў. Для арганізацыі трансферу да мяжы пры вяртанні дадому з-за мяжы Дзяржпагранкамітэт рэкамендуе звяртацца ў пасольствы або консульствы Беларусі ў краінах знаходжання.
Варта зазначыць, што Беларусь застаецца адзінай дзяржавай рэгіёну, якая не закрыла свае межы ў сувязі з пандэміяй каранавіруса. На мінулым тыдні прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа заявіў, што давяраць афіцыйнай інфармацыі Беларусі аб каранавірусе нельга, сітуацыя ў краіне значна горшая. „Мы не можам давяраць гэтай інфармацыі, якую атрымліваем афіцыйна з Беларусі, паколькі я лічу, што беларускі кіраўнік ацэньвае сітуацыю з пэўнай бравадай”, — сказаў ён.
У сваю чаргу Аляксандр Лукашэнка лічыць, што вопыт Беларусі ў барацьбе з віруснымі захворваннямі можа служыць прыкладам для многіх краін, а Гітанасу Наўседу беларускі кіраўнік параіў заняцца „сваім вірусам”.
„Калі ўжо прыйдзе такі момант, калі нам трэба дзесьці тушыць пажар, мы яго будзем тушыць. І прытым значна больш эфектыўна, чым літоўскі прэзідэнт. Ён заклапаціўся пра беларускі вірус… Сваім вірусам займіся, у цябе там куча пытанняў. Ён яшчэ папракае, што, напэўна, беларусы не пра ўсё інфармуюць”, — сказаў Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлерадыёкампаніі „Мир” 2 красавіка.
belapan.by