Літва зноў стала цэнтрам беларускіх незалежніцкіх памкненняў
Гарадскую прастору Вільні, якая сфарміравалася ў выніку працяглых шматвяковых сацыякультурных працэсаў, трэба трактаваць як важную крыніцу разумення гісторыі беларусаў. З будынкаў, якія зусім памянялі свой характар, глядзяць каменныя твары выдатных постаці, не толькі для беларускай спадчыны. Наогул, як падкрэслівае Сяргей Сыс, рэдка бывала так, што беларусы працавалі выключна дзеля карысці сваёй нацыі. Вільня не толькі характэрная тэкстамі культуры, але і прысутнасццю беларусаў, якія паўплываюць на характар гораду.
Сяргей Сыс
Вільня пасля 2020 года памяняла свой характар. Мінулае зафіксавана ў яе прасторы, гістарычна-культурна спадчына, зараз яшчэ мацней злучаецца з сучаснасцю. На карце Беларускай Вільні з’яўляецца шмат месцаў, якія лічацца важнымі для новай беларускай міграцыі. Паводле звестак праваабаронцаў, са жніўня 2020 года па студзень 2021 года Беларусь па палітычных матывах маглі пакінуць да 15 тысяч чалавек. Значная іх частка выехала ў Літву. Адтуль працу працягваюць многія арганізацыі і дзеячы, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі. 11 жніўня 2020 года менавіта ў Вільні Святлана Ціханоўская знайшла палітычны прытулак. Таксама беларусы актыўна едуць вучыцца ў Літву ці Чэхію. Даследчыкі заўважаюць, што гэта дазваляе сцвярджаць, што ў бліжэйшыя тры гады колькасць беларускіх студэнтаў у краінах Еўразвязу перавысіць колькасць беларускіх грамадзянаў, якія навучаюцца ў Расеі. Літва адыгрывае вялікую ролю ў падтрымцы дэмакратычных пераменаў у Беларусі на міжнароднай арэне. Літоўскія палітыкі вельмі рашуча заявілі пра сваю салідарнасць з пераследаваным беларускім народам і нанава стала цэнтрам беларускіх незалежніцкіх памкненняў.
Беларускасць яшчэ мацней упісваецца ў прастору Вільні. Да канца ліпеня ў цэнтры гораду можна аглядаць выстаўку Уладзіміра Цэслера. У адкрыцці, якое прайшло 7 ліпеня і адкрыла Дні беларускай культуры, удзельнічала Святляна Ціханоўская. Пратэставыя плакаты мастака не застаюцца абыякавымі для прахожых. Наколькі не ўсе маюць магчымасць наведаць Вільню да канца ліпеня, прапануем паглядзець фотарэпартаж з выстаўкі.
Сам Уладзімір Цэслер – гэта беларускі мастак, дызайнер, які стварае плакаты, жывапіс, графіку, скульптуру, аб’екты, але займаецца таксама прамысловым дызайнам, афармляе кнігі і рэкламу. Скончыў дызайнерскі факультэт Беларускага дзяржаўнага тэатральна-мастацкага інстытута ў Менску (1980). Міжнародную вядомасць атрымаў у галіне плаката. Падчас пратэстаў у 2020 годзе ў Беларусі ён увайшоў у склад Каардынацыйнай рады па арганізацыі працэсу выхаду з палітычнага крызісу. Змушаны быў пакінуць радзіму. У інтэрв’ю для сайта „Культура і крэатыўнасць” Уладзімір Цэслер адзначыў, што «Эміграцыя – гэта велізарны стрэс. (…) Нават тыя, хто з’ехалі, у каго атрымалася там зарабіць, яны ўсё роўна, рана ці позна вяртаюцца».
Беларускае Радыё Рацыя