Lufthansa пачне лятаць з Менска ў Мюнхен



Нямецкая авіякампанія Lufthansa пачне выконваць рэгулярныя палёты з Менска ў Мюнхен, а таксама павялічыць частату рэйсаў з беларускай сталіцы ў Франкфурт, паведамляецца на сайце Нацыянальнага аэрапорта Менск.

 

Пачынаючы з 4 красавіка 2020 года новы штотыднёвы рэйс з Менска ў Мюнхен (LH2541) будзе выконвацца па суботах з адпраўленнем з менскага аэрапорта ў 18.55 і прыбыццём у сталіцу Баварыі ў 20.15 па мясцовым часе. Маршрут будзе абслугоўвацца на Embraer ERJ-190, прапаноўваючы 100 пасадачных месцаў у бізнес-і эканамкласах.

Частата рэйсаў у Франкфурт узрасце ў зімовым перыядзе 2019/2020. Пасажырам будуць прапаноўвацца два дадатковыя рэйсы ў дзень і ў агульнай складанасці да 11 рэйсаў на тыдзень у Франкфурт — асноўны транзітны вузел авіякампаніі Lufthansa.

Акрамя таго, летам 2020 года колькасць штодзённых рэйсаў у Франкфурт павялічыцца да двух у дзень.

У выніку пасажыры з Беларусі змогуць скарыстацца сусветнай маршрутнай сеткай Lufthansa, якая складаецца са 199 напрамкаў па 74 краінах праз базавыя аэрапорты авіякампаніі ў Франкфурце і Мюнхене.

belapan.by