Лунна-Воля: мястэчка з сумнай гісторыяй



У летнія дні прыемна падарожнічаць на аўтамабілі па Беларусі, і адно з першых падарожжаў было ў старажытнае мястэчка Лунна, што на Мастоўшчыне.

Cённяшняя вёска Лунна, ці, як кажуць, аграгарадок, знаходзіцца за 40 кіламетраў ад Гародні, і падарожжа туды, нават зважаючы на святлафоры, хуткасныя рэжымы і ляжачыя паліцэйскія, займае каля паўгадзіны-максімум 40 хвілін.

Мястэчка мае даўнюю гісторыю, і, як кажа мой гід па мястэчку, мясцовы краязнаўца Лявон Карповіч, які напісаў кнігу “Маё мястэчка Лунна-Воля”, яму можа быць больш за тысячу год. Спадар Лявон кажа, што Лунна мела кантакты ў старажытнасці з людзьмі, што здабывалі крэмень каля Краснасельскага, і тут той крэмень апрацоўвалі і далей вывозілі па Нёмане.

Што цікавага можна пабачыць ў мястэчку? Царква-мураўёўка пастаўлена тут пасля паўстання 1863 года. Стаіць яна на вуліцы, дзе туляцца адна да адной габрэйскія камяніцы.

Касцёл Святой Ганны – помнік позняга класіцызму, пабудаваны напрыканцы ХVIII стагоддзя, – узвышаецца над вёскай.

Аднак самыя трагічныя моманты жыцця гэтага паселішча звязаныя з ІІ сусветнай вайною. Больш за 1500 габрэяў, што жылі тут да вайны, загінулі ў час Халакосту. Насельніцтва мястэчка да вайны складала 2,5 тысячы чалавек, і каля 1600 з іх былі габрэямі. Немцы стварылі гета ў верасні 1941 года, і яно праіснавала да 1 лістапада 1942 года. Вязнем Лунінскага гета быў Залман Градоўскі, габрэй з зондэркаманды Аўшвіца, удзельнік Супраціўлення. Залман схаваў свае занатоўкі пра існаванне ў Аўшвіцы і пра тое, што адбывалася ў лунінскім гета, у попел, які застаўся ад спаленых вязняў.

Занатоўкі былі знойдзены і надрукаваны пазней асобнай кнігай.

Пра існаванне гета ў мястэчку і пра гібель у час Халакосту 1549 габрэяў амаль нічога не нагадвае. У баку ад былога гета стаіць камень, на якім напісана пра “вечную памяць жыхароў мястэчка”.

Каб паставіць гэты камень жыхарам мястэчка, прыйшлося доўга змагацца з мясцовымі ўладамі.

Лявон Карповіч: «Я нават сказаў тады начальству, што калі не дазволяць паставіць памятны знак у цэнтры мястэчка, то пастаўлю ва ўласным агародзе”. Помнік урэшце быў пастаўлены.

[Not a valid template]

Пра сваіх продкаў, што жылі ў мястэчку, габрэі ўзгадваюць амаль штогод. Сюды адмыслова прыязджаюць продкі былых жыхароў з Ізраіля і наведваюць старыя габрэйскія могілкі, а на камень-помнік кладуць каменьчыкі, прывезеныя з Ізраіля.

З’язджаў я з Лунна з сумам на сэрдцы, але з надзеяй на тое, што гісторыя пра такія мясціны будзе жыць і перадавацца з пакалення ў пакаленне.

Андрэй Мялешка, Лунна-Воля, Беларускае Радыё Рацыя