Лыскава: мястэчка, дзе не старэюць



Гэтым гарачым вераснем хочацца адшукаць прахалоду не ў рацэ (запозна) і не ў кватэры (замарна), а ва ўласных успамінах пра адно чароўнае падарожжа. Тады, яшчэ ў лютым, я спытала знаёмага з Пружаншчыны: “А ці ёсць у вас нейкае каларытнае мястэчка, каб з гісторыяй і без дажынкавага стылю ў архітэктуры?”. І знаёмы адказаў: “Едзь у Лыскава!”.

Добра памятаю той дзень нашага першага знаёмства – майго з мястэчкам. Быў рэдкі дзень мінулай зімы, калі было ну вельмі холадна. Вакол падмятала сухім колкім снегам, вецер прабіраў да касцей. Знаходзіцца на вуліцы не хацелася не толькі мне – гора-падарожніку, які няўдала выбраў час для вандроўкі, – але і мясцовым жыхарам. На вуліцы трапляліся рэдкія мінакі, і тыя спяшаліся як хутчэй схавацца ў цёплую хату.

Адной з такіх міначак аказалася сярэдняга веку настаўніца, якая падбадзёрыла мяне, што ў Лыскава я прыехала недарэмна (“У нас вельмі цікавы аграгарадок!”) і нават паказала кірунак, дзе шукаць цікавых суразмоўцаў. Праўда, я і сама пабачыла з першага позірку, што прыехала, нягледзячы на надвор’е, недарэмна. Непадалёк ад месца, дзе мяне ў холад выплюнуў рэйсавы аўтобус, велічна і па-гаспадарску ўзвышаўся Траецкі касцёл 18 ст.

1Траецкі касцёл быў часткай кляштара місіянераў. 2Рэшта кляштарскіх муроў.
3А на тэрыторыі касцёла ёсць сюпрыз для выпадковага аматара мінуўшчыны – магіла польскага класіка Францішка Карпінскага. На Пружаншчыне пачынальнік полськага сентыменталізму арандаваў фальваркі.
4Будынак Лыскаўскай амбулаторыі, відавочна, таксама мае даўнюю гісторыю, хоць ніякай адпаведнай шыльды на ім я не відаць. У турыстычным даведніку “Белавежскі тракт” будынак падпісаны як рэшта кляштара місіянераў.

Хуценька агледзеўшы тыя архітэктурныя цікавосткі, што знаходзяцца ў цэнтры мястэчка, уключна з праваслаўнай царквой 1933 года, я рушыла ў кірунку, падказаным настаўніцай, і неўзабаве аказалася на кухні малажавай на выгляд кабеты. Вырашыла, што збочыла не ў тую хату: я шукала пажылую даму, якая магла б нешта распавесці пра старое Лыскава, а перада мной сядзела жанчына не больш як год 55-60. Мне заставалася толькі спытаць у яе пра суседак старэйшага веку, але нечакана кабета прызналася, што ёй і самой ужо 77. У адказ на мой шчыры камплімент Галіна Здановіч какетліва засмяялася: “Мне ўсе кажуць, што на свае гады не выглядаю”. Сакрэт старасці без зморшчын жанчына бачыць у беднасці: “Я расла сіратой, есці не было чаго, тым больш не было краскаў. Можа, таму твар той так і захаваўся”. Але кабета доўга гаварыць са мной не магла – гатавала есці, таму параіла зайсці да яе суседкі. На развітанне толькі расказала гісторыю пра сваю маці, якую проста ў хаце “забіў гром”. У тую ноч маці з 16-гадовай дачкой сядзелі побач, не ў стане заснуць ад жудаснай навальніцы. “Побач гэтак сядзелі. Яе забіла, а мяне адкінула. Вось які лёс! Дзве гадзіны ночы! Надта грымела тады, надта. А я кажу: “Ой, мамо, ой, мамо, ой, давай уцякаць дзе-куды, ужо не вытрымаць, уся хата трасецца”. А яна мне кажа, апошнія словы: “Дзіця, ты ў свет, а лёс за табою ўслед”. І ўсё, забіла яе”. Што цікава, сама хата засталася цалкам цэлай пасля ўдару. У суседнім пакоі былі яшчэ кватаранты, якім пасля невялікай кантузіі прыйшлося некалькі дзён адлежвацца ў ложку. Галіна ж нарадзілася ў кашулі, няйначай. Шкада, што, замітусіўшыся, я не сфатаграфавала малажавую ўлюбёніцу фартуны.

Затое сфатаграфавала наступную гераіню – Наталлю Носар, з якой мы размаўлялі пераважна пра пасляваенны голад, несправядлівасць камуністаў і ткацтва.

6Наталля Носар 

Жанчына, якой мала засталося да 90 год (маглі б вы так падумаць?), пахвалілася, што мела надзвычай шырокія кросны, таму ўсе яе посцілкі складаюцца з аднаго цэльнага палатна, а не з двух кавалкаў, як звычайна. У даўнім працоўным жыцці Наталля была калгасніцай, таму адчула на сабе ўсё шчасце ад камуністычнага раю. “Ой, плацілі! Пасля вайны асабліва. Я сама хадзіла калоссе збіраць на поле, каб сям’ю пракарміць. Назбіраеш, у падоле прынясеш, абмалоціш, то дзе-якую кашу зварыш. І гэтак жылі, мучыліся”.

Хутка да нашай размовы далучыўся мужчына – муж Наталлі Восіп Астапчык. Муж з жонкай згадалі пра савецкі падатак на непабраных шлюбам маладзёнаў ды бяздзетныя сем’і. Паколькі гэта звычайна мала хто згадвае ў вёсках, я слухала разявіўшы рот. Наталля ж успомніла з гэтай нагоды нават польскамоўную прыпеўку на гэтую тэму. “Яе за Польшчай на базары спявалі. Хто мог падумаць, што пры Саветах такое будзе?”

Правёўшы ў цёплай хаце Наталлі ды Восіпа добрую гадзіну ды прыкінуўшы, што маю яшчэ шмат часу да зваротнага аўтобуса, я накіравалася на новыя пошукі цікавых і не надта маладых суразмоўцаў. Стараючыся адначасова прыслухоўвацца да дыхання старога мястэчка.

7Адна з мяшчанскіх хат Лыскава.
8Старыя будынкі ніяк не выкарыстоўваюцца. Добры гаспадар ім бы не зашкодзіў.
9Чаго-чаго, а руінаў у Лыскава не бракуе.
10Апошняе, што было ў гэтым жыдоўскім доміку – школьныя майстэрні. Цяпер сусед руінаў таксама нікому не патрэбны.
11Вельмі часта ў гаворцы пра Лыскава даводзіцца казаць “тое, што засталося”. Вось і пра габрэйскія могілкі інакш не скажаш. З другога боку, часам не застаецца зусім нічога, так што Лыскава яшчэ пашчасціла.

Лыскава мае абсалютна чароўную атмасферу, якая адчуваецца ў любым месцы, дзе б ты ні знаходзіўся. Людзям, якім не надта ўдаецца камунікацыя, будзе дастаткова паразглядаць розныя руіны ды старыя дамы – тыя, што засталіся пасля катастрафічнай бамбёжкі мястэчка падчас вайны. Але яшчэ больш пашчасціць аматарам пагутарыць з тубыльцамі. Людзі з гумарам, вострыя на язык, у меру адкрытыя, раскажуць вам, і чаму ў Лыскава зніклі жыды, і чаму сучасны беларус столькі п’е. Пасля гэтага ўсяго пачастуюць гарбатай і спытаюць нарэшце, а чаго ж гэта вы, уласна кажучы, забыліся ў Лыскаве. Праўда, маладзейшыя пытаюць гэта найперш. Я б таксама спытала, улічваючы абсалютна адасобленае геаграфічнае становішча мястэчка на стыку дзвюх абласцей, якое, можа, выглядала б зусім загібела, каб не новая аб’езная пушчанская дарога. Цяпер сюды і адсюль можна штодня прыехаць і выехаць – прычым як у Берасце, так і ў больш блізкую сэрцу тутэйшых жыхароў Гародню. Бо ў складзе Берасцейшчыны Лыскава знаходзіцца адносна нядоўга. Ад будаўніцтва аб’езнай дарогі была і яшчэ адна карысць – пад гэту марку падмарафеціўся гістарычны цэнтр мястэчка, хоць з даваенным выглядам яго не параўнаць. Дарэчы, частку дарогі паміж касцёлам і амбулаторыяй зрабілі брукаванай – на памяць пра ваеннапалонных часу Другой сусветнай, якія яе будавалі. Прынамсі, так расказала адна з жыхарак.

Мне Лыскава палюбілася адразу, а з кожным новым знаёмым сімпатыя ўсё ўмацоўвалася. Бабулька, якая пазней назвалася Зінаідай Пасевіч, міла хацела ад мяне пазбавіцца на вуліцы ля амбулаторыі, аднак пазней распавяла пра сваё жыццё так, што любы экшн не параўнаецца.

12Зінаіда Пасевіч шмат распавяда пра бамбёжку Лыскава, пра расстраляных жыдоў і масавыя ўцёкі пасляваеннай моладзі на заробкі ва Украіну і Расею.

А Ганна Барысік запомнілася сваёй адкрытасцю і той якасцю, якую звычайна называюць апісальна – за словам у кішэню не палезе. А яшчэ жанчына па лыскаўскай традыцыі была выдатнай ткачыхай. 13

14Ганна Барысік і посцілка яе працы

Ядзвіга Галанцэвіч расказала пра лёс лыскаўскіх палякаў, высылкі, рэпатрыяцыю, пераслед ксяндзоў, а таксама пра тое, што ў мястэчку засталося чалавек пяць каталікоў – пры тым, што раней у іх было два касцёлы.

15На гэтым месцы ў Лыскава быў яшчэ адзін касцёл – “чырвоны”. Яго разабралі на цэглу для школы.

І ўсё гэта – толькі першае, вельмі павярхоўнае знаёмства з мястэчкам. Можа, калі вяртацца сюды перыядычна, можна і нам сустрэць старасць без зморшчын? Хаця раўрад ці. Для гэтага тут трэба жыць і дыхаць унікальным тутэйшым паветрам. 16

Іна Хоміч, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтаркі