Люблінскі замак увосень
Калісьці Люблін ахоўваў іншыя польскія гарады ад татарскага нашэсця, быў важным гандлёвым цэнтрам, месцам, дзе падпісалі Люблінскую унію. У наш час кожны дзень горад наведвае шмат турыстаў, сюды на вучобу прыязджаюць тысячы студэнтаў. І не толькі з Польшчы, але і з Беларусі, Украіны, Расеі. Горад вабіць турыстаў сваёй старажытнай і запамінальнай архітэктурай. Адным з сама наведвальных месцаў горада ёсць Люблінскі замак. Увосень ён мае асаблівую прыгажосць.




Люблінскі замак пачаткова быў пабудаваны ў XII стагоддзі, як абарончае збудаванне, быў месцам рэзідэнцыі польскіх каралёў. Пазней быў істотна перабудаваны ў рэнесансным стылі і пашыраны. Комплекс некалькі разоў перабудоўваўся і быў разбураны, пакуль не набыў цяперашняе неагатычнае аблічча. У 1831-1954 гадах выкарыстоўваўся як турма, а з 1957 года – як штаб-кватэра Нацыянальнага музея ў Любліне.
У XIII стагоддзі да замка быў прыбудаваны раманскі данжон (жылая і абарончая вежа). Капліца Святой Тройцы XIV стагоддзя, пакрытая руска-візантыйскімі фрэскамі 1418 года, створанымі па замове Уладзіслава Ягайлы, з’яўляецца адным з самых каштоўных помнікаў польскага мастацтва. На тэрыторыі двара таксама калодзеж.



Калі будзеце ў Любліне абавязкова скіруйцеся ў гэта памятнае месца. На тэрыторыі замка вы зможаце наведаць Люблінскі музей, касцёл Святой Тройцы і данжон. І канешне можна набыць невялікі сувенір альбо паштоўку на памяць.



Беларускае Радыё Рацыя
