Людзей, якія хочуць выехаць з Беларусі, узмоцнена правяраюць
Людзей, якія хочуць выехаць з Беларусі, узмоцнена правяраюць, меркавана, гэта робяць супрацоўнікі КДБ. Пра сітуацыю на мяжы паведаміла «Наша Ніва».
Маршруткі ў пункце пропуску «Беняконі» на беларуска-літоўскай мяжы стаяць па некалькі гадзін у чарзе, таму што людзей, якія хочуць перасекчы мяжу дапытваюць супрацоўнікі. Магчыма, гэта не памежнікі, а КДБ. На допыт выклікаюць толькі мужчын, нават грамадзян Літвы.
«Наша Ніва» даведалася, што правяраюць тэлефоны (чаты ў Telegram), пытаюцца аб праходжанні вайсковай службы і мэту паездкі за мяжу, а таксама пра від на жыхарства ў іншай краіне ці карту паляка. Рэчы гэтыя супрацоўнікі не правяраюць. Праверкі пачалі рабіць пасля інцыдэнту ў Мачулішчах 26 лютага, калі прадстаўнікі «Байпол» заявілі, што з дапамогай двух дронаў быў пашкоджаны каштоўны расійскі самалёт А-50.