Макс Разянкоў: У Швецыі шмат памерлых ад каронавіруса



Свабодна перасоўвацца па тэрыторыі Швецыі можна будзе толькі з 13 чэрвеня. Гэта звязана з напружанай эпідэміялагічнай сітуацыяй.

Хоць афіцыйна каранціну не было, але мераў бяспекі прытрымлівацца там настойліва рэкамендуюць, — пра гэта распавёў беларус, што знаходзіцца ў Лапландыі, Макс Разянкоў:

– Тое, што я назіраю, а я жыву ў мястэчку, – тут нічога не змянілася. Але ўцэлым, калі браць па краіне, то шведы сталі больш падарожнічаць, менш баяцца. Але, на жаль, сітуацыя такая, што кожны дзень даволі шмат памерлых, пераважна людзей у сталым узросце, але гэта непрыемнасць.

РР: Ці абмяркоўваецца зараз у Швецыі заява галоўнага вірусолага краіны?

Макс Разянкоў: Так, людзі ўвесь час пра гэта гавораць і ў сацыяльных сетках пра гэта пішуць. І як мне падалося, з’явілася больш тых, хто скептычна ставіцца да палітыкі Швецыі. Але гэта маё адчуванне.

РР: Ці адсочваеце Вы сітуацыю з каронавірусам у Беларусі? І ці плануеце прыехаць?

Макс Разянкоў: Спадзяюся, што будзе такая магчымасць, але наўрад ці ўлетку. Я сачу за агульнай статыстыкай у Беларусі. Не вельмі мне верыцца, што там няшмат ахвяраў. Бо афіцыйная статыстыка падае дзвесце з нечым чалавек, калі не памыляюся, на пяцьдзясят тысяч захварэлых. Гэта нешта замала.

Макс Разянкоў адзначыў, што ў сувязі са складанай эпідэміялагічнай сітуацыяй на бліжэйшыя некалькі месяцаў ён не плануе прыезд у Беларусь. І вельмі турбуецца, ці сапраўды інфармацыя па Ковід-19 там праўдзівая і аб’ектыўная.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя