Маладэчна: горад пешых падарожжаў
Напрыканцы лістапада мне ўдалося ўпершыню ў сваім жыцці патрапіць ў Маладэчна, горад у Менскай вобласці.
Горад, па якім вельмі добра падарожнічаць пешшу, вельмі падобны да Ліды, што на Гарадзеншчыне. Большасць назваў вуліц у Маладэчне па-беларуску і амаль усе гэтыя беларускія назвы з’явіліся ў горадзе, калі ім кіраваў беларускі палітык Генадзь Карпенка. Менавіта дзякуючы Карпенку ў горадзе з’явіўся помнік мучанікам за свабоду і незалежнасць Беларусі. Гэты помнік быў адкрыты падчас шматтысячнага мітынгу ў 1993–м годзе, аднак у 2011 годзе яго перанеслі на ўскраіну горада.
Цэнтральная плошча горада, якая мае назву Старое Месца, з’яўляецца месцам гандлю мясцовых фермераў і прадпрымальнікаў, што гандлююць тут садавінай і агароднінай. Вакол плошчы старыя будынкі канца ХІХ – пачатку ХХ стагоддзя. Тыповая пабудова беларускіх габрэйскіх мястэчак з царквой у цэнтры плошчы. Царква мае назву Пакроўская і яна з’яўляецца тыповай “мураўёўкай”, што шмат дзе па Беларусі былі пабудаваныя пасля паўстання Каліноўскага.
Што мяне таксама ўразіла ў Маладэчне, гэта тое, што асноўная пабудова цэнтра горада – гэта старыя двух- і аднапавярховікі, якіх амаль не засталося ў вялікіх гарадах Беларусі. Вельмі вылучаецца з гэтай двухпавярховай пабудовы будынах староства, які мне нагадаў будынкі гімназій ці школаў у заходне-беларускіх гарадах і мястэчках.
Сваеасаблівае ўражанне пакінулі дзве ўстановы ў Маладэчне – будынак былой турмы НКУС, якая была філіялам менскай вязніцы і самы, на маю думку, змрочны будынак горада – мемарыяльны комплекс Шталагу 342. На месцы аднаго з самых вялікіх лагераў смерці ў Беларусі ў пачатку 90-х пабудавалі вялікі шэры будынак, дзе зрабілі музей. Патрапіць у музей шталагу мне, на жаль, не ўдалося, аднак наступным разам калі буду ў гэтым горадзе планую ўскласці кветкі на месцы смерці амаль 50 тысяч чалавек.
Што я яшчэ раю паглядзець у Маладэчне: помнікі Міколу Ермаловічу і Міхалу Клеафасу Агінскаму, помнік падзеям вайны 1812 года. Паглядзіце таксама касцёлы і стары чыгуначны вакзал.
Аднак тым, хто падарожніччае ў Маладэчна цягніком, напрыклад з Гародні, вельмі раю падумаць пра тое, як ім цікавей дабірацца дадому, праз Ліду, ці праз Менск, бо ў вячэрні час амаль немагчыма дабрацца ў накірунку Гародні. Мне прыйшлося дзізелем дзьве гадзіны ехаць да Менску, а потым з Менску маршруткаю да Гародні. Бывай, Маладэчна, – беларускамоўны горад, дзе я выступаў на курсах “Мова Нанова”. Спадзяюся мы ўбачымся ў бліжэйшы час.
[Not a valid template]
Андрэй Мялешка, Гародня-Маладэчна-Гародня