Малдова пацвердзіла рашэнне Wizz Air прыпыніць палёты ў аэрапорт Кішынёва
Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі Малдовы паведамляе, што лаўкостэр Wizz Air прыпыняе злучэнне з Кішынёвам з 14 сакавіка 2023 года.
Паводле дэпартаменту, малдаўскі бок праінфармавалі аб рашэнні па электроннай пошце, растлумачыўшы гэта бяспекай малдаўскай паветранай прасторы. Пры гэтым адзначаецца, што 14 лютага кампанія Wizz Air запытала зацвярджэнне плана рэйсаў на летні сезон і сёння (27 лютага) атрымала яго ад малдоўскіх авіяцыйных улад.
Дэпартамент грамадзянскай авіяцыі Малдовы падкрэслівае, што паветраная прастора краіны бяспечная для палётаў.
14 лютага Малдова на гадзіну закрыла сваю паветраную прастору. Як патлумачылі тады ў кіраванні грамадзянскай авіяцыі краіны, паветраная прастора была закрытая ў сувязі з «аб’ектам, падобным на паветраны шар».
У дні масіраваных расейскіх ракетных удараў па Украіне паведамлялася, што рэшткі ракет падалі на тэрыторыю Малдовы. Вядома пра чатыры такія выпадкі.