Мальмё – мара мігранта



Шведскі горад Мальмё месціцца на самым поўдні Швецыі. Па колькасці насельніцтва – ён трэці ў краіне, там жыве больш за 300 000 жыхароў.

Упершыню Мальмё згадваецца як горад у 1275 годзе. Так называлася тады прыстань архіепіскапаў Лундскіх – вярхоўных прэлатаў усёй Скандынавіі. Яна месцілася на той час дзесьці ў 20 кіламетрах ад сучаснага горада. Назва горада ўтворана ад формы Malmhaug, што азначае «куча пяску», але горад разбагацеў і разбудаваўся дзякуючы не пяску, а селядцу. Яго мясцовыя гандляры мянялі на ўсё: бурштын, тканіну, разнастайныя ўпрыгожванні, грошы ды іншае.

Транспартная сфера Мальмё каардынуецца ў першую чаргу не са сталіцай Швецыі – Стакгольмам, а з Капенгагенам. Адтуль да Капенгагена каля 20 кіламетраў. І гэта нездарма, калісьці горад Мальмё быў дацкім горадам, пакуль не адышоў да Швецыі, дзякуючы ў тым ліку і каралю Карлу X Густаву.

Помнік шведскаму каралю Карлу X Густаву на галоўнай плошчы Мальмё

У Мальмё ёсць свой аэрапорт, але ў асноўным ён выкарыстоўваецца для ўнутраных рэйсаў, для міжнародных палётаў жыхары горада карыстаюцца аэрапортам Капенгагена. Мальмё і Капенгаген спалучаюцца мостам Эрэсунам – пышным сучасным інжынерным збудаваннем, якое злучае дзве краіны – Швецыю і Данію. Мост быў адкрыты ў 1999 годзе і з’яўляецца адным з самых працяглых у Еўропе. Даўжыня моста складае каля 8 кіламетраў ад Мальмё да штучнай выспы Пеберхольм, дзе ён злучаецца з  падводным тунэлем даўжынёй 4 км да Капенгагена.

Калі вы едзеце ў Мальмё на аўтобусе, цягніку ці нават ляціце на самалёце, пасля гэтага вы трапляеце практычна на адно і тое ж месца, бо прыпынкі аўтобусаў з Капенгагена і аэрапорту знаходзяцца побач з чыгуначным вакзалам.

Мальмё – самы цёплы горад з буйных гарадоў Швецыі, бо знаходзіцца на самым поўдні. Зіма тут таксама даволі цёплая, таму снег для жыхароў горада і яго кіраўніцтва з’яўляецца своеасаблівым хаосам.

У Мальмё крыху меншую палову насельніцтва складаюць мігранты, якія прыязджаюць туды ў асноўным з краін, дзе пануе аўтарытарызм і ваенныя канфлікты. Гэты горад, як і ўся Швецыя, вельмі талерантны да мігрантаў.

Увогуле складваецца ўражанне, што жыццё ў горадзе размеранае, рамантычнае і шчаслівае.

Аркестр аптымістаў

Самая вясёлая Славутасць Мальмё і забава для турыстаў – гэта жартоўны аркестр аптымістаў. Знаходзіцца ён побач з цэнтральнай плошчай. Прапусціць яго немагчыма, бо яго можна заўважыць ужо з плошчы. Аркестр быццам бы сыходзіць з плошчы па вуліцы Södergatan.

Галоўная плошча Stortorget з ратушай – гэта самая вялікая плошча ў Мальмё, узнікла ў 1530 годзе.

Музей сучаснага мастацтва (Moderna Museet Malmö)

Зорны мост Тут усе шведскія знакамітасці ўвекавечаныя парай абутку.

Побач з мостам – набярэжная, якая ўпрыгожана скульптурамі катоў, адпачываючых на прыступках.

Царква св. Пятра – найстарэйшая царква Мальмё, пабудаваная ў 14 стагоддзі ў стылі цаглянай готыкі. Вядомая старымі надмагіллямі 17 – 18 стагоддзяў і сярэднявечнай атмасферай.

Банк Даніі.

Вадзяное адлюстраванне зачароўвае

Сучасная архітэктура гарманічна спалучаецца са старажытнай

Можна доўга распавядаць пра гэты ўтульны, гарманічны, талерантны і развіты горад, але няхай застанецца хоць крыху чагосьці нераскрытага, каб вы, паважаныя чытачы, захацелі ўсё гэта пабачыць на свае вочы.

Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя