Мальта стане першай краінай у Еўропе, якая будзе пускаць толькі прышчэпленых ад COVID-19



Уезд на Мальту для людзей, якія не зрабілі прышчэпкі ад каронавіруснай інфекцыі, з 14 ліпеня будзе закрыты.

«Мы станем першай краінай у Еўропе, якая пойдзе на гэты крок», — газэта Times of Malta цытуе словы віцэ-прэм’ера і міністра аховы здароўя Мальты Крыса Фэрна.

Улады будуць прымаць мальтыйскія сертыфікаты аб вакцынацыі, сертыфікаты Еўразвязу і брытанскія ковід-пашпарты.

Жыхарам Мальты без сертыфікату вакцынацыі, якія захочуць падарожнічаць за мяжу, неабходна будзе атрымаць адпаведны дазвол уладаў. Па вяртанні яны будуць абавязаныя прайсці карантын.

З 3 па 9 ліпеня ў краіне было выяўлена 218 новых выпадкаў заражэння каронавірусам, у той час як за папярэднія сем дзён, з 26 чэрвеня па 2 ліпеня, іх было зафіксавана ўсяго 30.

За ўвесь час пандэміі на Мальце было зарэгістравана больш за 30,8 тысячы выпадкаў інфікавання, 420 чалавек памерлі.

Мальта мае найвышэйшы ўзровень вакцынацыі ад каронавірусу ў ЕЗ: дзве дозы вакцыны атрымала 79% насельніцтва, 84% — як мінімум адну дозу.

svaboda.org