Манастыр у Барунах



Ёсць архітэктурныя збудаванні, якія пры наведванні выклікаюць асаблівую сентыментальнасць. Кляштар у Барунах менавіта з такіх. Калі ехаць з Менску, то да Барунаў можна даехаць праз Крэва, а калі з Гародні – то праз Гальшаны. І той і другі шлях надзвычай цікавы. У Барунах падарожніка заўсёды чакае Божая Маці. Перад яе абразам здавён складалі і складаюць просьбы, падзякі і малітвы. Можна набраць вады з мясцовай крыніцы. Наконт паходжання назвы Баруны ёсць некалькі версіяў. Сама простая, што некалі ў наваколлях быў густы лес – бор. Да яе блізкая гіпотэза, якая выводзіць тапонім ад слова “барно” – тарфяное месца, зарослае хваёвым лесам. “Бурунамі” некалі называлі і завалы дрэваў у лесе.

Гісторыя барунскага кляштара непарушна звязана з мясцовым цудатворным абразам. Знакаміты кляштар базыльянаў быў пабудаваны ў другой палове 18 стагоддзя. Ён складаецца з царквы    манастырскага корпусу з мураванай агароджай і вежай-званіцы. У 1692 па фундацыі Мікалая Песьляка была пабудавана ўніяцкая драўляная царква, сюды на стала прыехалі сямёра манахаў-базыльянаў. У 1700-07 гг. паўстала мураваная царква, якая пазней знішчана пажарам. У 1715 храм быў адбудаваны Львом Кішкам. Новая царква пабудавана ў 1747-57 паводле праекту А. Асікевіча, дабудавана ў 1760-70 гг. Манастырскі корпус створаны ў 1778-93 гадах. У другой палове 18-га стагоддзя перад царквой пабудавана капліца. У пачатку 19-га стагоддзя дзеіла 6-класная школа базыльянаў. Школа сталася сапраўдным адукацыйным цэнтрам, адным з найбуйнейшых. У школе вучылася ажно да 200 вучняў, пераважна з Ашмянскага павету, яе скончылі такія ведамыя пазней дзеячы як Антон Адынец, Ігнат Ходзька, Юлій Корсак…

Школа мела сваю эмблему: вышытая на белым атласе патронка-Багародзіца, а з адваротнага боку каласісты сноп збожжа – сімвал навукі, які выхаванцы жартоўна тлумачылі па-свойму: “вучыся асёл добра – будзеш мець свой корм”. У 1831-ым годзе базыльянская школка была скасаваная, не стала каму глядзець і за кляштарам. А само мястэчка спакваля стала пераўтварацца ў звычайную вёску. Але касцёл не зачыняўся ніколі, нават у савецкія часы – відаць на тое была асаблівая ласка з Неба. Пацверджаннем таму цудатворны абраз Маці Божай, які аздаравіў многіх. Пра гэты абраз у двух сваіх творах згадвае і Адам Міцкевіч.

Звязаная з Барунамі і паўстанцкая старонка – 1 верасня 1863 году каля іх адбыўся бой паміж інсургентамі і расейскім войскам. У Барунах вучыліся, працавалі і жылі многія ведамыя дзеячы культуры і беларускага руху. Асобнай згадкі вартая постаць Сымона Рак-Міхайлоўскага, які быў адным з заснавальнікаў тут і дырэктарам у 1920-22 гадах беларускай настаўніцкай семінарыі. У наш час ажно 10 гадоў тут жыў і працаваў светлай памяці Ян Матусевіч, святар і дэкан Беларускай Грэцка-каталіцкай царквы. А яшчэ ў Барунах нарадзіўся Сяргей Гарлуковіч, адзіны ў гісторыі беларус – чэмпіён алімпійскіх гульняў па футболе.

Сёння прыгожы барокавы Петрапаўлаўскі касцёл цалком адбудаваны і радуе наведнікаў. Што датычыць корпусу кляштару, то яго мураваны будынак занядбаны: шыбы павыбіваныя, дзвярэй няма, у сутарэннях і некалі шыкоўных памяшканнях, дзе яшчэ нядаўна жылі людзі, шмат друзу. А таму агульнае ўражанне досыць сумнае. Унікальны будынак дагэтуль не мае гаспадара і разбураецца.

[Not a valid template]

Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя, фота аўтара